Дата дня
20 кастрычніка 2004 году забілі беларускую журналістку недзяржаўнай газэты «Салідарнасьць» Вераніку Чаркасаву.
Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай у яе кватэры ў Менску. Ніякія матэрыяльныя каштоўнасьці зь кватэры ня зьніклі — знайшліся, аднак, сьляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі.
Асноўнай вэрсіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якіх дапытваў крымінальны вышук, былі члены сям’і Чаркасавай, якія знайшлі цела — сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімер Мялешка. Пазьней падазрэньні зь іх зьнялі. Забойцу Веранікі Чаркасавай так і не знайшлі.
У выніку журналісцкага расьсьледаваньня, праведзенага калегамі Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі зьдзейсьніў прафэсійны кілер, які інсцэнаваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць інфармацыя, якую зьбірала Вераніка пра «Інфабанк», абвінавачаны ў адмываньні грошай для продажу зброі Іраку. Гэтую ж вэрсію разглядае ў сваім фільме і кінадакумэнталіст Леанід Міндлін.
Дзень у гісторыі
1506 — на княжаньне ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім абралі Жыгімонта І Старога.
1655 — ВКЛ і Швэцыя заключылі Кейданскую унію, ініцыятарам якой была група паноў і шляхты з Жамойці.
1920 — на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага стварылі блёк беларускіх партыяў для барацьбы супраць савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь.
1929 — ЦК ВКП(б) абвясьціў курс на суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі.
1945 — у Менску адкрылі Літаратурны музэй Янкі Купалы.
1947 — адкрыўся Горадзенскі абласны драматычны тэатар.
У гэты дзень нарадзіліся
1677 — Станіслаў Ляшчынскі, вялікі князь літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай.
1733 — Адам Станіслаў Нарушэвіч, польскі гісторык, паэт, перакладчык. Выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіюме, рыцарскай школе ў Варшаве. З 1781 году — пісар вялікі ВКЛ і сакратар Сталай Рады.
1836 — Зыгмунд Сьвянціцкі, беларускі лекар, адзін з заснавальнікаў унутрыполасьцевай хірургіі ў Беларусі.
1854 — Арцюр Рэмбо, францускі паэт, адзін з заснавальнікаў сымбалізму.
1885 — Алесь Бурбіс, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік рэвалюцыі 1905 г. Адзін з заснавальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру.
1892 — Янка Тарасевіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч у эміграцыі, пісьменьнік і публіцыст.
1906 — Кастусь Быліч, беларускі актор, заслужаны артыст БССР (1935), актор трупы Ўладзіслава Галубка.
1971 — Андрэй Кудзіненка, беларускі кінарэжысэр.
У памяці
1937 — Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік, паэт. Рэпрэсаваны, асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
1942 — Флярыян Ждановіч, беларускі актор і рэжысэр.
1953 — Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнаўца, літаратуразнаўца, публіцыст, пэдагог.
2020 — Юры Варонежцаў, беларускі навукоўца, палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага савета СССР.
2021 — Барыс Цітовіч, беларускі мастак, кніжны графік, галоўны мастак у Дудутках.