КНДР заявіла пра знойдзены на сваёй тэрыторыі бесьпілётнік са скрыняй улётак і прыгразіла Паўднёвай Карэі вайной у выпадку паўтарэньня інцыдэнту, паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва (ЦТАК) Паўночнай Карэі 19 кастрычніка.
Дрон знайшлі каля Пхэньяна 13 кастрычніка, цяпер паўночнакарэйскія экспэрты заявілі, што ідэнтыфікавалі яго як «малапамерны дрон дыстанцыйнай выведкі». Такія ж нядаўна дэманстравалі на вайсковым парадзе ў Паўднёвай Карэі, публікуе фота для параўнаньня ЦТАК.
Калі КНДР пацьвердзіць яшчэ адно парушэньне яе тэрытарыяльных земляў, паветранай або воднай прасторы з боку Паўднёвай Карэі, «гэта будзе расцэнена як абвяшчэньне вайны, і пачнуцца неадкладныя ўдары ў адказ», заявілі ў Мінабароны КНДР.
Ваенныя чыноўнікі Паўднёвай Карэі назвалі заяву паўночнага суседа «аднабаковай» і «нявартай адказу», паведамляе Associated Press. На папярэднія аналягічныя абвінавачаньні паўднёвакарэйскія вайскоўцы адказвалі, што «ня могуць пацьвердзіць іх праўдзівасьць».
За апошні час напружанасьць на Карэйскім паўвостраве значна вырасла. Некалькі дзён таму КНДР падарвала аўтамабільныя і чыгункі, якія злучаюць яе з Паўднёвай Карэяй. Таксама Пхэньян за лета адправіў на поўдзень тысячы паветраных шароў са сьмецьцем і фэкаліямі.
У адказ Сэул аднавіў працу гучнагаварыцеляў на мяжы, якія трансьлююць заклікі пераходзіць на бок Поўдня і папулярныя кей-поп-песні, забароненыя ў КНДР. Пхэньян пагражаў зьнішчыць крыніцы вяшчаньня.
Форум