Такая выснова зьмяшчаецца ў дасьледаваньні цэнтру BEROC «Экалягічная пэрспэктыва ўстойлівага разьвіцьця Беларусі». Праводзячы дасьледаваньне, аўтары аналізавалі тры вядомыя міжнародныя індэксы: індэкс мэтаў устойлівага разьвіцьця (SDG Index), індэкс эфэктыўнасьці барацьбы са зьменай клімату (CCPI) і індэкс экалягічнай эфэктыўнасьці (EPI).
Беларусь, зазначаюць экспэрты, «традыцыйна дабівалася адносна добрых вынікаў у галіне ўстойлівага разьвіцьця», аднак у апошнія некалькі гадоў прагрэс «прыпыніўся і нават часткова павярнуўся назад». Асаблівым фактарам гэтай стагнацыі ёсьць экалёгія, заўважаюць дасьледнікі.
У пэрыяд з 2000 па 2020 год паказьнікі Беларусі ў індэксе мэтаў устойлівага разьвіцьця значна палепшыліся — на 8,31 бала, аднак потым пачалося гамаваньне і нават зьніжэньне. У 2020 годзе Беларусь займала 23-е месца (з больш як 160 краін) у рэйтынгу, але ў 2023-м апусьцілася на 30-е, гэта найніжэйшы паказьнік з 2001 году, гаворыцца ў дасьледаваньні.
Паводле ацэнак экспэртаў, Беларусь стагнуе ў мэтах устойлівага разьвіцьця, зьвязаных з навакольным асяродзьдзем: «Даступная і чыстая энэргія», «Адказнае спажываньне і вытворчасьць» і «Дзеяньні ў галіне клімату». Спад гэтых індэксаў, на думку аўтараў, «адлюстроўвае асноўныя праблемы Беларусі, уключаючы празьмерную залежнасьць ад выкапнёвага паліва», «недастатковую ўвагу да аднаўляльных крыніц энэргіі», «неэфэктыўнае кіраваньне адыходамі і выкідамі», «нізкі прыярытэт пытаньняў зьмены клімату ў эканамічнай і сацыяльнай» палітыцы краіны, «высокую вугляродаёмістасьць эканомікі і нізкія амбіцыі што да скарачэньня выкідаў».
Зьніжэньне паказьнікаў зафіксавана і ў індэксе эфэктыўнасьці барацьбы са зьменай клімату: у 2024 годзе Беларусь паказала горшыя вынікі, чым у сярэднім па ўсходнеэўрапейскіх краінах, якія ўваходзяць у склад Эўразьвязу (іх сярэдні бал CCPI склаў 55,43).
У рэйтынгу EPI (індэкс экалягічнай эфэктыўнасьці) Беларусь у 2016 годзе займала 35-е месца (сярод 180 краін), у 2020-м — 49-е, у 2022-м — 55-е.
Спэцыялісты BEROC адзначаюць, што «з прычыны эканамічных і палітычных узрушэньняў пытаньні экалёгіі адышлі для дзяржавы на другі плян».
У дасьледаваньні таксама падкрэсьліваюцца нэгатыўныя наступствы санкцыяў, уведзеных у адказ «на шырока аспрэчаную дакладнасьць вынікаў выбараў 2020 году» і ўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. З прычыны санкцыяў, удакладняюць аўтары, было прыпынена фінансаваньне шэрагу праектаў павышэньня энэргаэфэктыўнасьці й іншых «зялёных» ініцыятываў у Беларусі.
«Хоць гэта і не было іх асноўнай мэтай, санкцыі прывялі да прыпыненьня „зялёных“ праектаў і ініцыятываў, якія падтрымліваюць міжнародныя арганізацыі, такія як Сусьветны банк і іншыя праграмы ААН, Эўразьвяз і Эўрапэйскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, МВФ і г.д., а таксама міжнародных інвэстыцыяў у Беларусь», — гаворыцца ў публікацыі.
Палітычны крызіс прывёў да выхаду Беларусі з Оргускай канвэнцыі ў 2022 годзе, што «павялічыла імавернасьць судовага перасьледу за экалягічную актыўнасьць, тым самым падарваўшы ўдзел грамадзянскай супольнасьці ў прыняцьці рашэньняў і практычнай дзейнасьці ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя», адзначаецца ў дасьледаваньні.
Яшчэ адным нэгатыўным наступствам называецца «масавая відавочная ліквідацыя экалягічных НДА ў краіне», што «нэгатыўна адбілася на ўцягнутасьці грамадзянскай супольнасьці ў вырашэньне экалягічных праблем у Беларусі».
Экспэрты лічаць, што Беларусі для забесьпячэньня ўстойлівага разьвіцьця «трэба засяродзіцца на пашырэньні выкарыстаньня аднаўляльных крыніц энэргіі» і «дывэрсыфікацыі энэргазабесьпячэньня», неабходна «стымуляваць дасьледаваньні ў галіне „зялёных“ тэхналёгіяў» і «заахвочваць супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага сэктару ў галіне экалягічных ініцыятываў», «супрацоўнічаць з экалягічнымі НДА і актыўна прыцягваць беларускае грамадзтва да прыняцьця рашэньняў і рэалізацыі ініцыятываў у галіне ўстойлівага разьвіцьця».
Форум