Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская абмеркавала зь міністрам юстыцыі Польшчы справу супраць Лукашэнкі ў Гаазе


Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала зь міністрам юстыцыі Польшчы Адамам Боднарам справу ў Міжнародным крымінальным судзе супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Міністар юстыцыі Польшчы Адам Боднар прыняў кіраўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлану Ціханоўскую разам зь яе намесьнікам у кабінэце Паўлам Латушкам.

Святлана Ціханоўская падзякавала міністру за яго цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за падтрымку ініцыятываў па прыцягненьні рэжыму да адказнасьці. Павел Латушка расказаў пра падачу Літвой справы ў Міжнародны крымінальны суд і наступныя крокі ў межах гэтай ініцыятывы.

Бакі абмеркавалі важнасьць адкрыцьця і падтрымкі судовых спраў аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі.

Асобная ўвага была нададзена пытаньню беларускіх палітычных зьняволеных. Сьвятлана Ціханоўская заклікала працягваць намаганьні для вызваленьня палітвязьняў, уключаючы Анджэя Пачобута — сымбаля беларуска-польскай салідарнасьці.

Ціханоўская заклікала міністра падтрымаць стварэньне міжведамаснай працоўнай групы ў Польшчы па беларускіх пытаньнях.

Таксама сёньня Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала са сьпікерам польскага Сэнату Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай правядзенне мерапрыемстваў па беларускай тэматыцы падчас старшынства Польшчы ў Эўрапейскім Зьвязе (першае паўгодзьдзе 2025 году).

Таксама бакі абмеркавалі працу парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сэйме і Сенаце Польшчы (пасьля абраньня ў траўні сёлета яе старшыні Міхаіла Шчэрбы ў Эўрапарлямэнт яго месца зьяўляецца вакантным); сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі, у тым ліку актывіста Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута; падтрымку беларускіх культурных ініцыятыў, школ і беларускай меншасьці на Падляшшы і тэлеканалу «Белсат»; пазоў Літвы супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе; супрацоўніцтва Польшчы зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у прыватнасьці, Каардынацыйнай радай.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG