Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Ці варта беларусам баяцца расейскага інфармацыйнага ўплыву?


Марыя Садоўская-Камлач, каляж
Марыя Садоўская-Камлач, каляж

«Расея спрабуе неяк паўплываць на людзей, якія ня любяць Пуціна, але пры гэтым ня любяць і правы чалавека ў заходняй трактоўцы. У нейкім грамадзтве гэта будуць суполкі, якія супраць прызнаньня зьмены клімату ці супраць прызнаньня таго, што Зямля круглая».

На мінулым тыдні выйшла расьсьледаваньне, якое ладзіў заснаваны Аляксеем Навальным Фонд барацьбы з карупцыяй. Бізнэсоўца Леаніда Неўзьліна ў гэтым расьсьледаваньні абвінавацілі ў арганізацыі нападу на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава, а адной з апублікаваных пабочных дэталяў было тое, што Неўзьлін фінансуе выданьне «Сота», якое рэгулярна жорстка крытыкуе Сьвятлану Ціханоўскую.

Ці можна гаварыць пра нейкую ясную інфармацыйную палітыку адносна Беларусі ня толькі з боку расейскай улады, але і з боку расейскай апазыцыі? Наколькі беларусам варта асьцерагацца расейскага інфармацыйнага ўплыву і як ён мяняецца ў апошнія гады? Пра гэта ў праграме «Пік Свабоды» гаворыць Марыя Садоўская-Камлач, дырэктарка фонду «Свабодная прэса для Ўсходняй Эўропы».

Цалкам размову глядзіце ў відэафармаце на Youtube:

  • Калі лічыць, што ў выгнаньні расейскіх мэдыя каля 80, дык зусім няшмат зь іх асьвятляюць беларускія падзеі. Некаторыя мелі беларускі парадак дня і да выгнаньня, альбо запускалі сваю «беларускую частку» — такія, як «Медиазона».
  • Частка расейскіх палітыкаў, мэдыя ці алігархаў лічаць увесь сьвет былога СССР сваёй інфармацыйнай прасторай. Калі беларусам падабаецца тое, што яны кажуць, дык звычайна не ўзьнікае пытаньняў. Да прыкладу, у 2020 годзе ў большасьці беларусаў не было пярэчаньняў супраць таго, што расеец Максім Кац аказвае ўплыў на беларускую інфармацыйную прастору.
  • Перад выбарамі 2010 году, калі Эўрапейская камісія яшчэ працавала ў Беларусі, яна адной рукой фінансавала незалежныя мэдыя, а другой рукой дала праект «Шырокая Эўропа» першаму каналу беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, бо незалежныя выданьні нібыта аддавалі зашмат увагі нэгатыўным навінам.
  • Калі стваралася беларускамоўная вэрсія расейскага «Спутніка», некаторыя журналісты казалі, што пойдуць туды, каб прасоўваць беларускі парадак дня. Але дэ-факта гэта было і ёсьць расейскае замежнае дзяржаўнае вяшчаньне, таму нельга было мець ілюзіяў, што ў нейкі момант падзеі ў Беларусі не пачнуць там абмяркоўвацца з расейскага дзяржаўнага пункту гледжаньня, што і сталася са «Спутнікам» пасьля падзеяў 2020-га.
  • У ЗША, Польшчы, у іншых краінах Эўразьвязу, якія маюць дэмакратычныя ўрады, звычайна добра разумеюць, што паміж рэдакцыйнай палітыкай і ўладамі павінна стаяць нейкая сьцяна, якая будзе аберагаць СМІ ад прамога дзяржаўнага ўплыву.
  • Важна, каб была празрыстасьць. Вядома ж, сыстэма інфармацыі пра ўладальнікаў мэдыя ў розных эўрапейскіх краінах не ідэальная. Але ўсе захады і Эўразьвязу, і Рады Эўропы, і такіх арганізацый, як Journalism Trust Index, накіраваныя на тое, каб там, дзе няма непасрэднай пагрозы жыцьцю і здароўю людзей, раскрываць інфармацыю пра спонсараў СМІ.
  • Раней расейскай прапагандай Беларусь успрымалася як рынак, на які трэба зайсьці і нейкім чынам спадабацца беларусам. Той жа «Спутнік» шмат рабіў пра беларускую культуру, гісторыю і гэтак далей, і толькі кропкава выводзіў на расейскую прапаганду. Цяпер Беларусь ужо ўспрымаецца як частка расейскай інфапрасторы. Ня толькі там, дзе гаворка пра расейскія баявыя дзеяньні ва Ўкраіне, але і ў больш шырокіх, «сьветапоглядных» пытаньнях — там, дзе ідзе размова пра супрацьстаяньне Расеі «каштоўнасьцям лібэральнага Захаду».
  • Летась, здаецца, упершыню столькі ж беларускай моладзі паехала вучыцца ў расейскія ВНУ, колькі ў заходнія. Задача інфармацыйнага ўплыву ў тым, каб усё больш маладых беларусаў выбіралі прывабную і даступную Расею, а ня Захад, на які цяпер цяжэй трапіць. І гэта робіцца ня толькі праз СМІ.
  • Некаторыя расейскія незалежныя мэдыя спрабуюць таргетаваць ня толькі расейскую эмігранцкую супольнасьць, але ўсіх расейскамоўных. Расейскі ўплыў адбываецца і ўнутры Беларусі, і ў выгнаньні, і каб нешта яму супрацьпаставіць, трэба большая мабілізацыя розных людзей унутры грамадзтва, а ня толькі незалежных мэдыя.
  • Расея таксама спрабуе ўплываць праз суполкі, якія прасоўваюць радыкальны кансэрватыўны падыход да жыцьця — традыцыйны мужчынскі сьвет, як павінна выглядаць сям’я. У тэорыі такая суполка можа быць нават абсалютна беларускамоўнай.
  • Апошнім часам Расея ўвогуле вельмі рэдка прасоўвае нешта як «русский мир». Яна спрабуе неяк паўплываць на людзей, якія ня любяць Пуціна, але пры гэтым ня любяць і правы чалавека ў заходняй трактоўцы. У нейкім грамадзтве гэта будуць суполкі, якія супраць прызнаньня зьмены клімату ці супраць прызнаньня таго, што Зямля круглая.
  • Калі мы як беларусы хочам захоўваць сваю тоеснасьць, нам трэба думаць, ці ў стане мы ладзіць мерапрыемствы, якія будуць цікавыя ня толькі беларусам. Каб іншыя, у тым ліку расейцы, маглі даведацца пра нашую гісторыю і культуру.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG