Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Бялградзе адмяніў рашэньне аб экстрадыцыі беларускага актывіста Гнёта і вярнуў справу на новы разгляд


Андрэй Гнёт
Андрэй Гнёт

Апэляцыйны суд сталіцы Сэрбіі, Бялграду, адмяніў рашэньне аб экстрадыцыі ў Менск беларускага журналіста, рэжысэра і апазыцыйнага актывіста Андрэя Гнёта і накіраваў справу на новы разгляд.

Рашэньне апублікаванае 11 верасьня на сайце суду.

Паводле Апэляцыйнага суду, рашэньне Высокага суду ў Бялградзе першай інстанцыі аб экстрадыцыі Гнёта было прынятае «на падставе няпоўна ўстаноўленай фактычнай сытуацыі, зь якой вынікае істотнае парушэньне палажэньняў крымінальнага працэсу».

Рашэньне апэляцыйнага суду было, як сказана, прынятае на пасяджэньні 27 жніўня.

Гнёта арыштавалі ў аэрапорце Бялграду ў канцы кастрычніка 2023 году паводле ордэру Інтэрполу, выдадзенага на яго Беларусьсю. Яго абвінавачваюць у Беларусі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

З чэрвеня 2024 году меру атрыманьня ў выглядзе пазбаўленьня волі замянілі яму на хатні арышт. Ён чакае ў Бялградзе канчатковага рашэньня Сэрбіі адносна экстрадыцыі.

Высокі суд першай інстанцыі ў траўні прыняў рашэньне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь, пасьля апэляцыяў ягоных адвакатаў гэтае рашэньне было адмененае.

Суд апэляцыйнай інстанцыі лічыць, што суд першай інстанцыі даў ацэнку аб наяўнасьці абгрунтаванага падазрэньня ва ўчыненьні Гнётам інкрымінаванага яму крымінальнага злачынства ў Беларусі, падаўшы «непрымальныя прычыны» і «невыразныя аргумэнты».

У рашэньні Апэляцыйнага суду дадаецца, што дзеяньні, на якія спасылаецца Высокі суд, «ня могуць служыць доказам» існаваньня абгрунтаванага падазрэньня ў вінаватасьці Гнёта і што яны супярэчаць нормам правапарадку Сэрбіі — гэта значыць, канстытуцыйным і крымінальным палажэньням аб гарантыях прэзумпцыі невінаватасьці асобаў, у дачыненьні да якіх вядзецца крымінальны працэс.

Гнёт называе абвінавачаньні ў свой адрас з боку беларускіх уладаў «хлусьлівымі», заяўляючы, што гэта «сыстэмны мэханізм перасьледу» палітычных апанэнтаў з боку рэжыму ў Менску.

«Тое, што яны могуць зрабіць са мной у Беларусі, — гэта сьмяротны прысуд», — сказаў Гнёт у адной са сваіх заяваў.

Дзясяткі эўрапейскіх рэжысёраў, актораў і іншых дзеячоў мастацтва заклікалі сэрбскія ўлады не выдаваць Гнёта і папярэдзілі, што ў выпадку вяртаньня ў Беларусь яму пагражае «турма, катаваньні і нават сьмяротнае пакараньне». Адкрыты ліст мастакоў быў апублікаваны 26 жніўня.

Гнёт -- заснавальнік Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў (SOS BY), якое ў Беларусі лічыцца экстрэмісцкай арганізацыяй.

Калі ў чэрвені 2021 году ён атрымаў непадпісаную позву з просьбай зьявіцца «ў якасьці сьведкі» ў Сьледчы камітэт Беларусі, адвакаты Гнёта параілі яму пакінуць Беларусь, бо такія позвы сьведчаць аб жаданьні беларускіх уладаў арыштаваць яго.

Ён прыехаў у Сэрбію з Тайлянду, дзе знаходзіўся ў эміграцыі. Ён правёў сем месяцаў у Цэнтральнай турме Бялграду, перш чым 5 чэрвеня быў пераведзены пад хатні арышт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG