Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў крамах Беларусі і заклікаў месяц патрываць


Беларуская бульба
Беларуская бульба

Беларуская бульба зьнікла з крамаў праз дыспарытэт цэнаў на яе, бо у Расеі яны вышэйшыя, і туды вытворцам выгадней прадаваць.

Пра недахоп бульбы і гародніны на паліцах беларускіх крамаў 8 траўня выказаўся Аляксандар Лукашэнка:

«Калі гаварыць пра бульбу. Мы ўсё ўмеем рабіць, але, разумееце, ёсьць цяжкасьці. Вы хочаце таньнейшага свайго ў крамах? І я таксама хачу, каб гэта было. А сяляне жадаюць даражэй прадаць, каб хоць крышку і заробак быў, угнаеньні купіць, пасеяць хутчэй. А ў Расеі ўтрая даражэй. Вось яны і пачалі прадаваць, дзе даражэй».

Лукашэнка прызнаў, што атрымаў прапанову ўраду прадаваць лішкі насеннай бульбы, але не падтрымаў яе:

«Ну яшчэ месяц ужо адмучымся, каму там бульба не падабаецца нейкая. А гэта пасеем, атрымаем у 10 разоў больш, чым пасеялі. І потым прадамо. Прадамо за добрую цану. Таму такая хітрая, можа быць, сялянская задума. Таму калі нехта ўжо перажывае за бульбу, ну, месяц вытрываем, але без бульбы ня будзем. Даручана Камітэту дзяржаўнага кантролю неадкладна разабрацца ўва ўсіх сетках і далажыць, чаго ў нас не хапае», — заявіў Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі адкрыцьця ў Менску Міжнароднага выставачнага цэнтру.

На праблему апэратыўна адрэагаваў і Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі.

«Камітэт дзяржаўнага кантролю правярае наяўнасьць і цэны на беларускую бульбу ў крамах. У выпадку выяўленьня парушэньняў Камітэтам дзяржаўнага кантролю будуць прымацца захады рэагаваньня ажно да прыпыненьня дзейнасьці гандлёвых аб’ектаў. 8 траўня беларусы могуць паведаміць аб браку бульбы ў крамах і аб цане рэалізаванай бульбы на гарачую лінію КДК», — заявілі там.

Раней стала вядома пра два закрытыя лісты на імя Аляксандра Лукашэнкі ад прэмʼер-міністра Аляксандра Турчына і старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава.

Як вынікае з справаздачы КДК аб красавіцкім маніторынгу крамаў, у 11% абʼектаў гандлю бульбы ў продажы не было, а ў 18% яна была толькі мытая, цана на такую не рэгулюецца. У кожнай трэцяй краме не было капусты, а ў шэрагу крамаў бульбы за рэгуляваную цану не было зусім.

Прэм’ер Турчын патлумачыў Лукашэнку прычыны такой сытуацыі. Галоўная зь іх — недахоп бульбы ў стабілізацыйных фондах.

Паводле інфармацыі прэмʼера, на 16 красавіка 2025 году на складах заставалася менш за 4000 тон бульбы. Гэтага ня хопіць нават да канца вясны, бо патрэбы ўнутранага рынку на паўтара месяца ацэньваюцца ў аб’ёме каля 12 тысяч тон.

Турчын тлумачыць прычыны заканчэньня бульбы на складах павелічэньнем экспарту, то бок вывазам бульбы за мяжу — пры розьніцы цэнаў у Беларусі і Расеі.

Абмежаваньні на вываз бульбы, якія ўвёў урад, не дапамаглі. Павышэньне цэнаў на бульбу адбылося запозна, калі яе запасаў у сховішчах засталося вобмаль. Турчын прапануе выкарыстоўваць для забесьпячэньня насельніцтва запасы насеннага фонду — каля 15 тысяч тон з лішкавых запасаў насеннай бульбы.

Адначасова са зьяўленьнем справаздачаў прэм’ера і кіраўніка КДК 17 красавіка выйшла пастанова ўраду, якая павысіла гранічныя гуртовыя і раздробныя цэны бульбы. Гуртовая цана бульбы цяпер складае 1 рубель, раздробная — 1,5 рубля.

Але такое падвышэньне, хутчэй за ўсё, ня спыніць экспарту рэштак беларускай бульбы ў Расею. Цяпер у расейскай сетцы крамаў «Пятёрочка» мясцовая (расейская) нямытая бульба каштуе 84 рублі, гэта крыху болей за 1 даляр.

  • Апошнім часам з крамаў Беларусі зьнікла бульба й іншая гародніна мясцовай вытворчасьці, а калі яна ёсьць, то дробная і невысокай якасьці.
  • Урад ухваліў захады для паляпшэньня сытуацыі, якая ўзьнікла праз дыспарытэт цэн, калі беларускім вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю бульбу на замежныя рынкі.
  • З 17 красавіка набыла моц пастанова Савету міністраў, якая ўносіць карэктывы ў сыстэму рэгуляваньня цэнаў. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу пабольшала з 76 капеек да 1 рубля.
  • Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на бульбу, капусту белакачановую і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 году.
  • Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG