Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША: выкарыстаньне амэрыканскай зброі Ўкраінай для нанясеньня далёкіх удараў па Расеі ня зьменіць хаду вайны


Ллойд Осьцін і Ўладзімір Зяленскі пасьля пасяджэньня Кантактнай групы па абароне Ўкраіны, Рамштайн, 6 верасьня 2024
Ллойд Осьцін і Ўладзімір Зяленскі пасьля пасяджэньня Кантактнай групы па абароне Ўкраіны, Рамштайн, 6 верасьня 2024

Міністар абароны ЗША Ллойд Осьцін 6 верасьня заявіў, што ніякая канкрэтная зброя ня будзе мець вырашальнага значэньня для перамогі Ўкраіны над Расеяй і што выкарыстаньне амэрыканскай зброі для нанясеньня ўдараў на далёкія дыстанцыі супраць Расеі ня зьменіць хаду вайны на карысьць Украіны.

Ён таксама адзначыў, што Украіна сама валодае значнымі магчымасьцямі для паразы далёкіх цэляў.

Выступаючы пасьля пасяджэньня Кантактнай групы па абароне Ўкраіны на авіябазе Рамштайн у Нямеччыне, Осьцін сказаў журналістам: «Я ня думаю, што адзін тып зброі будзе вырашальным. Украіна ўжо мае магчымасьць атакаваць мэты за межамі радыюсу дзеяньня ракет Atacms і Storm Shadow, і Расея вывела свае самалёты, якія выкарыстоўваюцца для нанясеньня удараў кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі (КАБ), за межы радыюсу дзеяньня Atacms».

Камэнтары Осьціна прагучалі пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі асабіста зьвярнуўся да групы Ramstein з просьбай павялічыць пастаўкі заходняй зброі і заклікаў саюзьнікаў дазволіць Украіне выкарыстоўваць сваю зброю для нанясеньня глыбейшых удараў унутры Расеі.

Паводле яго слоў, Украіне неабходна валодаць гэтым далёкасяжным патэнцыялам, «каб у Расеі была матывацыя да міру».

«Нам трэба прымусіць расейскія гарады і нават расейскіх вайскоўцаў задумацца пра тое, чаго яны хочуць: міру ці Пуціна», — сказаў ён на сустрэчы, арганізаванай міністрам абароны ЗША Ллойдам Осцінам.

На адкрыцьці сустрэчы кіраўнік Пэнтагону заявіў, што Украіна паступова «перахоплівае ініцыятыву» на фронце, хоць Расея працягвае ціснуць на Данбас. Сёньняшняя сустрэча, па словах амэрыканскага міністра, праходзіць у «дынамічны і крытычны момант», калі час адыгрывае важную ролю.

«Украіна працягвае паступова браць на сябе ініцыятыву на полі бою. Зараз Узброеныя сілы праводзяць апэрацыю ў Курскай вобласьці. Крамлёўская агрэсіўная армія цяпер трымае абарону на ўласнай тэрыторыі», — адзначыў міністар абароны ЗША.

У той жа час, прызнаў ён, «Масква працягвае наступ на ўсходзе Ўкраіны, асабліва ў раёне Пакровска».

На сустрэчы ў Рамштайне Осьцін абвясьціў аб новым пакеце амэрыканскай дапамогі Ўкраіне ў сфэры бясьпекі на 250 мільёнаў долараў.

Пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе, ЗША сабралі саюзнікаў і партнэраў на авіябазе ў нямецкім Рамштайне. Атрымалася стварыць групу з прыкладна 50 краін, якія рэгулярна сустракаюцца, каб адказваць на запыты Кіева аб пастаўках зброі, неабходнай для абароны ад расейскай агрэсіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG