Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць параненых у выніку расейскай атакі па Львове вырасла да 64, у цяжкім стане 65 пацярпелых у Палтаве


Наступствы расейскага ракетнага абстрэлу Львову. 4 верасьня 2024 году
Наступствы расейскага ракетнага абстрэлу Львову. 4 верасьня 2024 году

Пасьля абстрэлу Палтавы 3 верасьня Расея на наступны дзень ракетамі атакавала Львоў і Крывы Рог. Увечары 4 верасьня ўкраінскія ўлады паведамляюць пра рост колькасьці пацярпелых у гэтых гарадах.

Львоў: колькасьць параненых вырасла да 64, разбурана больш за 50 аб’ектаў

Паводле апошніх зьвестак, 4 верасьня ў Львове ў выніку расейскай ракетнай атакі 7 чалавек загінулі (зь іх трое дзяцей), яшчэ 64 чалавекі атрымалі раненьні, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода. Аварыйна-выратавальныя работы ў ліквідацыі наступстваў абстрэлу завершаныя, ратавальнікі дасталі з-пад завалаў 12 чалавек.

Цяпер у лякарнях Львова знаходзяцца 47 параненых, зь іх 11 — у крытычным стане. Параненыя маюць выбуховыя аскепкавыя раненьні тулава, органаў грудной клеткі, канцавінаў, твару, а таксама траўмы ўнутраных органаў, лёгкіх і сасудаў, паведамілі мэдыкі Першага мэдаб’яднаньня Львова. Васьмёра дзяцей шпіталізавалі з абломкавымі паражэньнямі мяккіх тканак і вострай рэакцыяй на стрэс. Пацярпелыя ў стане сярэдняй цяжкасьці. Узрост дзяцей — ад 5 да 15 гадоў. Аднаго хлопчыка праапэравалі.

У выніку расейскіх абстрэлаў пашкоджаны дзясяткі кватэр і прыватных дамоў, аўтамабілі, тры навучальныя ўстановы, дзьве мэдыцынскія ўстановы. Па словах мэра горада Андрэя Садовага, у Львове разбурана больш за 50 аб’ектаў.

5 верасьня ў Львове аб’явілі Днём жалобы.

Шмат пацярпелых у Палтаве знаходзяцца ў цяжкім стане

Паводле апошіх зьвестак, у выніку расейскага ракетнага абстрэлу Палтавы 3 верасьня пацярпелі 298 чалавек. 65 параненых знаходзяцца ў цяжкім стане, паведаміў 4 верасьня на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай ліквідацыі наступстваў абстрэлу, кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Філіп Пронін.

«Пацыентам аказваецца як стацыянарная, так і амбуляторная дапамога. Цяпер у цяжкім стане знаходзяцца 65 чалавек, 146 — у сярэднецяжкім, 87 — у лёгкім. Асаблівая падзяка ўсім, хто здае кроў для пацярпелых. Яшчэ 270 донараў далучыліся сёньня», — адзначыў Пронін.

Паводле яго, на цяперашні момант вядома пра 53 загінулых. Ліквідацыя наступстваў расейскага нападу на тэрыторыю навучальнай установы ў Палтаве і разбор завалаў працягваюцца.

У Палтаўскай вобласьці аб’явілі трохдзённую жалобу.

Павялічылася колькасьць пацярпелых у Крывым Рогу

У Крывым Рогу колькасьць пацярпелых у выніку ранішніх абстрэлаў расейскіх войскаў 4 верасьня вырасла да 6, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак. «Пасьля ракетнага абстрэлу горада 58-гадовая жанчына атрымала пералом. Яна будзе ляжаць у лякарні», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле мясцовых уладаў, у выніку нападу колькасьць шматпавярховікаў з выбітымі шыбамі перавысіла паўсотні. У горадзе пашкоджана пяць навучальных установаў і восем крамаў. Пацярпелі бізнэс-цэнтар, кавярні, салёны прыгажосьці, гатэль.

Адзін чалавек загінуў і чацьвёра параненыя ў выніку абстрэлу Канстанцінаўкі

Сама меней адзін чалавек загінуў і чацьвёра атрымалі раненьні ў выніку абстрэлу Канстанцінаўкі 4 верасьня, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін.

«Сёньня ўвечары горад трапіў пад абстрэл «Тарнада». Расейцы нанесьлі ўдар па прамысловай зоне, забілі мужчыну 1985 году нараджэньня, паранілі чатырох чалавек ва ўзросьце ад 38 да 65 гадоў», — напісаў Філашкін у Telegram. Ён заклікаў мірных жыхароў пакінуць Данеччыну.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з розных відаў зброі — ударных БПЛА, ракет, зэнітных ракет.
  • Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія ў ходзе поўнамаштабнай вайны наносіць прыцэльныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і сёлаў Украіны, у выніку чаго гіне мірнае насельніцтва і разбураюцца лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы з боку Расеі і падкрэсьліваюць, што яны носяць мэтанакіраваны характар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG