Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На літоўскай мяжы перакрылі канал буйных паставак беларускай кантрабанды


Кантрабандныя цыгарэты, выкрытыя на літоўскай мяжы. Архіўнае фота
Кантрабандныя цыгарэты, выкрытыя на літоўскай мяжы. Архіўнае фота

Беларускія кантрабандысты перапраўлялі нелегальную прадукцыю ў грузавых вагонах па чыгунцы.

У Літве крымінальная служба SkaMuitinės (МКТ) пачала два дасудовыя расьсьледаваньні ў справе канфіскацыі кантрабанды цыгарэт 28 жніўня на чыгуначным вакзале Кены, піша Delfi.

Супрацоўнікі літоўскай мытні і памежнікі, праверыўшы сыстэмай рэнтгенаўскага кантролю састаў, у трох вагонах знайшлі кантрабандныя цыгарэты на суму каля 57 тысяч эўра. Гэтыя вагоны выкарыстоўваліся для перавозкі шчэбню транзытам празь Літву ў Калінінградзкую вобласьць Расеі.

«У сераду 26 жніўня, каля 13 гадзін, супрацоўнікі Віленскай тэрытарыяльнай мытні правялі дэталёвую праверку грузавых вагонаў цягніка зь Беларусі. Падчас праверкі ў двух вагонах, якія рухаліся транзытам празь Літву ў Калінінградзкую вобласьць Расеі, былі знойдзеныя кантрабандныя цыгарэты», — паведамілі на мытні.

Цыгарэты былі запакаваныя ў велізарныя вузкія пакеты, падобныя да валізак, загорнутыя ў слой поліэтылену, прыхіленыя да сьценаў мэталічных вагонаў і засыпаныя шчэбнем. Пакеты зьвязвалі вяроўкамі і рабілі ім «ручкі», каб можна было лягчэй і хутчэй выцягваць з-пад шчэбню. Усяго ў абодвух вагонах знойдзена 8820 пачкаў беларускіх цыгарэт Fest, паінфармавалі мытнікі.

Яшчэ адна партыя кантрабанды была знойдзена ў той жа дзень увечары — пасьля праверкі яшчэ аднаго цягніка, які прыбыў зь Беларусі, таксама з гранітным шчэбнем. Аналягічна спакаваныя і схаваныя цыгарэты былі знойдзеныя і ў адным з вагонаў цягніка — 4050 пачкаў цыгарэт NZ Gold. Усяго ў той дзень мытнікі затрымалі 12 870 пачкаў цыгарэт, кошт якіх з улікам падаткаў складае 57 785 эўра.

У Віленскім аддзеле МКТ пачалі два дасудовыя расьсьледаваньні па фактах кантрабанды, якія вядуць пракуроры Віленскай раённай пракуратуры. У гэтым годзе супрацоўнікі МКТ ужо пачалі 19 дасудовых расьсьледаваньняў па фактах перавозкі кантрабанды па чыгунцы. Падчас іх было затрымана больш за 177 тысяч пачкаў нелегальных беларускіх цыгарэт, кошт якіх (з улікам падаткаў) складае 769 тыс. эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG