Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыі Лукашэнкі заявілі, што ён задавальняе палову хадайніцтваў аб памілаваньні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За пяць месяцаў 2025 году Аляксандр Лукашэнка задаволіў 50 працэнтаў хадайніцтваў аб памілаваньні, паведаміла дзяржаўным СМІ намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўніца камісіі ў пытаньнях памілаваньня і вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці Вольга Чупрыс.

Заяву чыноўніца зрабіла пасьля нарады ў Лукашэнкі 12 чэрвеня.

З словаў Чупрыс, да 2023 году ўхвалялі прыкладна 10% ад усіх хадайніцтваў, а за мінулы год гэты паказьнік дасягнуў 65%.

Камісія штогод разглядае амаль паўтысячы матэрыялаў, дадала чыноўніца. Пры гэтым, паводле яе, аб’ём работы «за апошнія пару гадоў павялічыўся ў сем разоў».

Спраўдзіць гэтую інфармацыю немагчыма.

Пачынаючы з 2024 году, «памілаваныя 300 палітвязьняў», адзначылі праваабаронцы 21 траўня ў сумесным маніфэсьце з нагоды Міжнароднага дня салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

Апошняе памілаваньне адбылося 7 траўня — Лукашэнка памілаваў 42 чалавекі, якіх асудзілі за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».

Сярод іх 18 жанчын і 24 мужчыны, 13 маюць хранічныя захворваньні, адзін інвалід. У 24 -х асуджаных непаўналетнія дзеці, двое шматдзетныя, 10 чалавек старэйшыя за 50 гадоў, адзін дасягнуў пэнсійнага ўзросту.

Праваабаронцы заклікалі ўлады працягнуць працэс вызваленьня палітвязьняў, а дэмакратычных палітыкаў — выкарыстоўваць усе магчымыя інструмэнты і мэханізмы, каб спрыяць вызваленьню, у тым ліку шляхам дыпляматычных ініцыятываў і гуманітарных перамоваў.

  • На 12 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі 1184 чалавекі, аднак людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў у той ці іншай форме, нашмат больш.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG