18-ы пакет санкцыяў накіраваны на далейшае абмежаваньне вайскова-прамысловага патэнцыялу Расеі, якая ад 2022 году вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Беларусь уключана ў пакет санкцый, бо падтрымлівае расейскую агрэсію.
У падрыхтаваным пакеце санкцыяў фігуруюць чатыры беларускія кампаніі, што дзейнічаюць у галіне абароны і вайсковай прамысловасьці. Іх публічна назавуць пазьней. Эўракамісія прапануе замарозіць іхныя актывы і забараніць весьці бізнэс у межах ЭЗ.
Акрамя гэтага, Эўракамісія таксама прапанавала пашырыць сэктаральныя абмежаваньні для Беларусі. Сярод іх поўная забарона на апэрацыі зь беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі фінансавых паведамленьняў (de-SWIFTing — адключэньне ад міжнароднай сыстэмы банкаўскіх міждзяржаўных разьлікаў SWIFT, якое істотна абмяжоўвае магчымасьці банкаў праводзіць апэрацыі за мяжой), а цяпер ператвараецца ў поўную забарону транзакцыяў.
Таксама ўпершыню пад забарону трапляе імпарт узбраеньняў зь Беларусі ў ЭЗ.
Каб узмацніць кантроль за магчымым абыходам абмежаваньняў, ЭЗ прапануе пашырыць сьпіс тавараў і тэхналёгіяў, што могуць выкарыстоўвацца для ўмацаваньня беларускай вайсковай і прамысловай базы. У прыватнасьці, ідзецца пра машыны, хімікаты, асобныя віды мэталаў і плястыкаў. Забараняецца таксама транзыт шэрагу тавараў праз тэрыторыю Беларусі.
Як тлумачыць эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, распрацаваны Эўракамісіяй 18-ы пакет санкцыяў мусяць узгадніць прадстаўнікі ўсіх 27 краін Эўразьвязу. Прыняцьце дакумэнту чакаецца цягам чэрвеня.
У папярэднім, 17-м пакеце, зацьверджаным Радай ЭЗ сёлета 20 траўня, у прыватнасьці, былі ўведзеныя санкцыі супраць Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ). У абгрунтаваньні гаварылася, што «Менскі завод колавых цягачоў — беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства, якое распрацоўвае вайсковую тэхніку для Ўзброеных сілаў РФ і падтрымлівае абараназдольнасьць Расеі».
Улетку 2024 году Эўразьвяз абвясьціў пра сэктаральныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. Тады ўжо быў уведзены шэраг абмежаваньняў супраць беларускай фінансавай сыстэмы:
- абмежаваньне доступу да SWIFT для Белаграпрамбанку, «Банку Дабрабыт» і «Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь», а таксама іх беларускім даччыным структурам;
- забарона апэрацыяў з Нацыянальным банкам Беларусі, зьвязаных зь кіраваньнем рэзэрвамі або актывамі, а таксама дзяржаўным фінансаваньнем для гандлю зь Беларусьсю і інвэстыцыяў у Беларусь;
- забарона лістынгу і аказаньня паслуг стасоўна акцыяў беларускіх дзяржаўных арганізацыяў на гандлёвых пляцоўках ЭЗ;
- істотнае абмежаваньне фінансавых паступленьняў зь Беларусі ў ЭЗ, забарона прымаць дэпазыты, якія перавышаюць 100 000 эўра, ад беларускіх грамадзян або рэзыдэнтаў Беларусі, трымаць рахункі беларускіх кліентаў у цэнтральных дэпазытарах каштоўных папераў ЭЗ, а таксама прадаваць каштоўныя паперы, намінаваныя ў эўра, беларускім кліентам;
- забарона пастаўкі ў Беларусь банкнотаў эўра.
Форум