Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьцяг для ўсіх», «Як Панну Марыю надрукаваць на туалетнай паперы». Розныя думкі пра бел-чырвона-белы сьцяг на фэстывалі «Baltic Pride»


Беларуская калёна на «Baltic Pride» 7 чэрвеня.
Беларуская калёна на «Baltic Pride» 7 чэрвеня.

На шэсьці ў Вільні 7 чэрвеня ў рамках ЛГБТК-фэстывалю «Baltic Pride» была беларуская калёна, у якой ішлі актывісты, праваабаронцы, чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі, прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці.

Яны несьлі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, што стала прычынай і крытыкі, і пагрозаў расправіцца з удзельнікамі шэсьця, у тым ліку ад імя беларускіх ваяроў ва Ўкраіне. Свабода сабрала розныя думкі наконт бел-чырвона-белага сьцяга на віленскім шэсьці.

«Мы такая ж частка народу, якая змагаецца за свабоду»

Грамадзкая актывістка Наста Базар, прызнаная летась беларускай праваабарончай супольнасьцю «праваабаронцай году», была ўдзельніцай шэсьця:

Наста Базар на прайдзе ў Вільні, Літва, 7 чэрвеня 2025
Наста Базар на прайдзе ў Вільні, Літва, 7 чэрвеня 2025

— Шмат людзей выказаліся супраць прысутнасьці на прайдах бел-чырвона-белых сьцягоў. Шмат хто кажа, што ня трэба размалёўваць Пагоню ў колеры ЛГБТК-сьцяга. Але калі выносілі проста бел-чырвона-белы сьцяг, казалі, каб не выносілі яго. Я ўпэўнена, што калі б на прайдзе не было бел-чырвона-белага сьцяга, а была б таблічка з надпісам «Беларусь», — казалі б і гэта «не падкрэсьліваць». Бо — сьвядома ці не — такія людзі хочуць, каб нас проста не існавала. Але мы ёсьць, мы такая ж частка народу, якая змагаецца за свабоду. Толькі мы змагаемся за свабоду для ўсіх.

На шэсьці ў Вільні была прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях Вольга Зазулінская. Яна перакананая, што нацыянальны сьцяг — для ўсіх:

— Мне вельмі балюча назіраць, калі замест падтрымкі гучыць агрэсія. Асабліва ад тых, хто сам ведае, што такое праца з уразьлівымі групамі ці пакуты. Гэта няправільна і несправядліва. Бел-чырвона-белы сьцяг — для ўсіх, хто любіць Беларусь і змагаецца за яе. І я буду побач з тымі, каго спрабуюць прымусіць маўчаць — бо гэта пра павагу, пра годнасьць і пра салідарнасьць.

«Ня трэба мой бела-чырвона-белы сьцяг умешваць у вашыя сэксуальныя праблемы»

Былая палітзьняволеная Ірына Шчасная кажа, што расстроілася, калі яе абвінавацілі ў гамафобіі, калі яна паспрабавала давесьці, што для яе значыць нацыянальны сьцяг.

— Я не была гатовая да такіх адмоўных рэакцыяў, калі людзі пасылалі мяне літаральна на тры літары. Я сказала, што мой сьцяг — гэта пра змаганьне, гэта пра культуру, гэта пра гісторыю. Але, прабачце, калі ласка, ня трэба мой бел-чырвона-белы сьцяг умешваць у вашыя сэксуальныя праблемы. Я гэта намагалася выказаць як мага больш культурна, але сутыкнулася вось з такім. Я хачу сказаць, што да людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй я стаўлюся вельмі добра. Для мяне яны ня ворагі, у мяне ёсьць такія сябры. Я сядзела зь дзяўчынай, якая мне стала вельмі блізкім сябрам, і гэтая дзяўчына мае іншую гендэрную ідэнтычнасьць. Чамусьці хтосьці зразумеў, што я нібыта гамафоб. Гэта зусім ня так. Я паважаю ўсіх людзей, я разумею, што кожны мусіць змагацца, але сьцяг для мяне — гэта сьвятыня. Я такі нацыяналіст у жыцьці. Сьцяг — гэта пра прынцыпы.

«Сьцяг павінен сапраўды аб’ядноўваць нацыю, а не шукаць нам нагоды, каб сварыцца»

Сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан лічыць, што кожны беларус мае права прыносіць бел-чырвона-белы сьцяг туды, куды ён лічыць важным для сябе:

— Я стаўлюся да гэтага нармальна. Бо калі мы змагаемся за свабоду, то ў першую чаргу таксама змагаемся за права кожнага чалавека прыносіць той сьцяг туды, куды ён захоча. Я лічу, што бел-чырвона-белы сьцяг належыць усім беларусам, самым розным, ад самых кансэрватыўных да самых лібэральных. І ён павінен сапраўды аб’ядноўваць нацыю, а не шукаць нам нагоды, каб сварыцца. Свабода, як кажуць, у такім сэнсе залаты ключык. То бок ня трэба забараняць, і так шмат забаронаў з боку рэжыму ў адносінах да беларусаў.

Падобную пазыцыю мае і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка:

— Мы змагаемся за тое, каб кожны беларус і беларуска маглі свабодна падняць сьцяг там, дзе для іх гэта важна, а не за тое, каб гэта забараняць. Гэта наш нацыянальны сьцяг. Упэўнены, што ён зноў стане нашым дзяржаўным сьцягам. А нацыя, грамадзтва і дзяржава — гэта шмат самых розных людзей. І сьцяг — гэта тое, што абʼядноўвае і належыць кожнаму і кожнай нас. А ня тое, што павінна падзяляць.

«Сёньня такім барацьбітам за чысьціню не падабаецца ЛГБТ, заўтра — этнічная прыналежнасьць, колер скуры, рэлігія...»

Кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі перакананы, што беларускі нацыянальны сьцяг належыць усім беларусам.

— Намаганьні забясьпечыць маральную чысьціню — што беларускай нацыі, што карыстальнікаў бел-чырвона-белага сьцяга — вядуць беларускую нацыянальную ідэю да стагнацыі, штучна абмяжоўваюць яе разьвіцьцё. У цэлым такія прэтэнзіі — гэта адмаўленьне той рэальнасьці, што беларуская нацыя складная і стракатая, што ня ўсе карыстаюцца беларускай мовай, што ня ўсе дасканала ведаюць гісторыю і нават ня ўсе разумеюць пагрозу ад блізкіх стасункаў з Расеяй. Сёньня такім барацьбітам за чысьціню не падабаецца ЛГБТ, заўтра — этнічная прыналежнасьць, колер скуры, рэлігія, стыль вопраткі, фрызура і гэтак далей. Бел-чырвона-белы сьцяг — сымбаль, які павінен аб’ядноўваць, а не дзяліць нашае грамадзтва, і бяз гэтага моцна падзеленае. І бяз гэтага нацыянальная ідэя Беларусі праходзіць выпрабаваньні на мяжы зьнішчэньня.

«Сьвяткаваць няма чаго»

Блогер і сябра Каардынацыйнай рады Аляксандар Кныровіч у сваім допісе ў фэйсбуку падкрэсьлівае, што вельмі добра ставіцца да прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці, але лічыць, што зараз няма нагодаў для сьвяткаваньня. На просьбу Свабоды пра камэнтар ён прапанаваў зацытаваць ягоны допіс.

— Што вы адчуваеце, гледзячы на бел-чырвона-белы сьцяг на прайдзе ў Вільні? Я адчуваю пэўную няёмкасьць. І не праз стаўленьне да прадстаўнікоў ЛГБТ+. Да іх я стаўлюся выдатна, усе знаёмыя мне прадстаўнікі гэтай часткі грамадзтва выклікаюць гаму пазытыўных пачуцьцяў: ад простай павагі да глыбокага захапленьня. Не празь іх зьяўляецца пэўная «коска». Я ўяўляю сабе аналягічны парад у цэнтры Менску, пасьля зрынаньня дыктатуры. Дзяржаўныя сьцягі суседзяць зь вясёлкай — і ўсё на сваіх месцах. Нармальная эўрапейская сталіца, у якой няма месца гамафобіі, і ў ёй праходзіць чарговая акцыя з мэтай зрабіць «бачнымі» праблемы асобных групаў людзей. Ну і — сьвята, вядома. Як безь яго. Лета ж. Дык а ў чым жа праблема тады? Сьвяткаваць няма чаго... Я ня ведаю, як у вас, а ў мяне ўнутры менавіта гэта выклікае дысананс, і ён не зьвязаны з ЛГБТ-супольнасьцю. Мая сьвядомасьць прымае наш нацыянальны сьцяг на акцыях пратэсту, днях памяці, антываенных маршах... Але пакуль нашыя сьвяты «са сьлязьмі на вачах».

«Усяму сваё месца. У храм сьвечкі бяруць, а на оргію прэзэрватывы»

Свабода запыталася ў некалькіх беларускіх добраахвотнікаў пра іх стаўленьне да нацыянальнага сьцяга на віленскім шэсьці «Baltic Pride».

Беларускі добраахвотнік з пазыўным «Пан Зубр», які змагаецца на баку Украіны з 2015 году, выказваецца адмоўна выказаўся наконт прысутнасьці бел-чырвона-белага сьцяга на ЛГБТК-шэсьці.

— Нэгатыўна. Гэта як Панну Марыю надрукаваць на туалетнай паперы. Усяму сваё месца. У храм сьвечкі бяруць, а на оргію прэзэрватывы. Тыя, хто мяняе гэтыя ісьціны месцамі, — гэта маргіналы, якія распальваюць сацыяльную варожасьць, за што ў праўнай дзяржаве павінна быць адказнасьць.

Былы беларускі добраахвотнік «Тыгр» на пытаньне, як ён ставіцца да бел-чырвона-белага сьцягу на Віленскім прайдзе, адказаў:

— Ніяк. Мне на іх шчыра ўсё роўна, няхай што хочуць робяць. Але не разумею, навошта мяшаць у адзін кацёл сваю арыентацыю і палітыку.

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік АПК у абароне і нацыянальнай бясьпецы, экс-намесьнік камандзіра палку Каліноўскага, сфармуляваў сваю пазыцыю такім чынам:

— Маё стаўленьне такое: кожны чалавек мае права на асабістае выказваньне сваіх думак, розных пазыцыяў, грамадзянскіх у тым ліку. Але калі гэта не супярэчыць дзейнаму заканадаўству тых краін, дзе яно праяўляецца. І гэта тычыцца як бы двух бакоў. Зараз адбываецца палітызацыя і прыцягненьне ўвагі да тэмы, якая зьяўляецца чульлівай у беларускім грамадзтве, гэта відавочна.

  • Некаторыя беларусы, якія крытычна выказваліся ў сацыяльных сетах наконт бел-чырвона-белага сьцягу на шэсьці, адмовіліся даваць камэнтары Свабодзе, патлумачыўшы гэта тым, што іх могуць абвінаваціць у гамафобіі.
  • Чэрвень — месяц ЛГБТК-прайдаў ва ўсім сьвеце. Гэта месяц памяці і сьвяткаваньня гонару лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў, а таксама змаганьня за іх правы. Традыцыя адзначаць месяц гонару пачалася пасьля Стоўнволскіх бунтаў — сэрыі пратэстаў 1969 году ў ЗША за правы геяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG