Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі прапануюць распаўсюдзіць забарону набываць нерухомасьць на юрыдычныя асобы зь Беларусі і Расеі


Рыга, ілюстрацыйны здымак
Рыга, ілюстрацыйны здымак

У законапраект, які знаходзіцца на разглядзе ў Саэйме Латвіі і які прадугледжвае забарону на набыцьцё нерухомасьці ў гэтай краіне грамадзянамі дзьвюх краін, могуць быць уключаны палажэньні, якія датычацца юрыдычных асобаў.

Як паведаміла агенцтва BNN з спасылкай на LETA, дакумэнт у трэцім чытаньні 12 чэрвеня ўхваліла юрыдычная камісія парлямэнту.

Акрамя грамадзянаў Беларусі і Расеі забарону хочуць пашырыць і на юрыдычных асобаў, зарэгістраваных у гэтых краінах, а таксама на юрыдычных асобаў, у якіх грамадзяне гэтых краін валодаюць ня менш як 25% статутнага капіталу, дзе бэнэфіцыярнымі ўладальнікамі зьяўляюцца грамадзяне гэтых краінаў, а таксама на юрыдычныя структуры, створаныя ў іх.

9 красавіка прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Латвіі Лаўма Паэглькална (Lauma Paegļkalna) заявіла, што падрыхтаваны да таго часу да другога чытаньня законапраект аб «абмежаваньні зьдзелак, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы» прадугледжвае поўную забарону на набыцьцё нерухомасьці ў краіне ўсім грамадзянам Беларусі і Расеі.

Мэтай законапраекту названа недапушчэньне некантраляванага ўплыву на эканоміку Латвіі, да якога можа прывесьці засяроджваньне грамадзян краін і іх капіталу на тэрыторыі Латвіі, «выкарыстаньня капіталу гэтых краін і іх грамадзян супраць латвійскіх інтарэсаў».

У тых, хто ўжо валодае нерухомасьцю, уласнасьць забіраць ня будуць. Ім таксама пакінуць магчымасьць успадкаваць нерухомасьць, удакладніла Паэглькална.

У першапачатковай вэрсіі законапраекту, пададзенай дэпутатамі партыі «Новае Адзінства», утрымлівалася агаворка, па якой забарона на зьдзелкі зь нерухомасьцю не распаўсюджвалася на асобаў, якія маюць у Латвіі пастаянны від на жыхарства або статус рэзыдэнта Эўрапейскага зьвязу, аднак да другога чытаньня яна зьнікла.

У пачатку студзеня стала вядома, што ў 2024 годзе ва ўезьдзе ў Латвію «па меркаваньнях бясьпекі» адмовілі 1302 замежным грамадзянам. Сярод іх быў 401 грамадзянін Расеі і 137 грамадзянаў Беларусі.

Ад лютага 2022 году Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі ў супрацы зь Дзяржаўнай памежнай аховай «ажыцьцяўляе на ўсходняй мяжы ўзмоцнены кантроль замежных грамадзян, якія ўяжджаюць у краіну».

24 лютага 2022 году Расея пачала ваенную агрэсію супраць Украіны, падтрыманую рэжымам Лукашэнкі. Пасьля гэтага краіны Эўразьвязу, у тым ліку балтыйскія дзяржавы, сталі ўводзіць розныя абмежаваньні для грамадзянаў дзьвюх дзяржаў. Акрамя таго, Латвія сутыкнулася з магутным ціскам на сваю мяжу зь беларускага боку. Улады краіны абвінавацілі рэжымы ў Маскве і Менску ў спробах шантажаваць Рыгу дзеля сваіх геапалітычных інтарэсаў, «падкідаючы» на мяжу мігрантаў і дапамагаючы ім у спробах парушыць дзяржаўную мяжу краіны.

Напярэдадні Латвія зрабіла больш строгай адказнасьць за парушэньне санкцыяў. Калі кошт тавараў або паслуг перавышае 10 000 эўра, супраць юрыдычнай ці фізычнай асобы ў Латвіі распачнуць крымінальную справу. Калі сума меншая — перасьлед будзе адміністарцыйным.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG