У прыватнасьці, сайт «Нефтегазоэксперт» беларускія хакеры аформілі кадрамі вайны ва Ўкраіне, каб нагадаць расейцам пра вайну, якую пачала іхная дзяржава супраць суседняй Украіны.
«Сёньняшні дзень Расеі — гэта ганебнае сьвята тых, хто намагаецца баляваць на касьцях і крыві тысячаў мірных людзей і ваяроў, загінулых за свабоду і незалежнасьць ад расейскіх захопнікаў. Не дазволім пра гэта забыць», — напісалі ў сваім тэлеграм-канале «Кібэрпартызаны».
Ініцыятыва заявіла, што ўзламала 95 сайтаў адміністрацыяў па ўсёй Расеі. Іх таксама аформілі кадрамі вайны ва Ўкраіне.
«Ганьба людзям, якія заплюшчваюць вочы і нават падтрымліваюць боль і гвалт „русского мира“. Альбо лічаць, што іх гэта не датычыцца, бо непасрэдна над іх галовамі не лятаюць ракеты», — дадалі «Кібэрпартызаны».
Арганізацыя займае праўкраінскую пазыцыю ў вайне і ўжо выкрыла шэраг наймітаў зь беларускімі пашпартамі, якія падпісалі кантракты з расейскім войскам і адправіліся на вайну.
- «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году.
- Атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
- Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
- Сваю дзейнасьць «Кібэрпартызаны» называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
Форум