Паводле праваабаронцаў «Вясны», Марыне Гацуры выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 361-4 («Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Жанчыне пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Марына Гацура са Стоўпцаў, у лістападзе ёй споўніцца 60 гадоў. Паводле яе старонкі ў Фэйсбуку, жанчына цікавілася беларускай культурай, займалася дабрачыннай дзейнасьцю, у тым ліку апекавалася свойскімі жывёламі, якія засталіся без прытулку.
Пра стаўленьне Марыны Гацуры да абвінавачаньня невядома. Падчас сьледзтва жанчыну ўтрымлівалі ў сьледчай турме № 8 у Жодзіне, умовы ў якой лічацца даволі жорсткімі сярод беларускіх вязьніц. Меркавана, што на час судовага працэсу Марыну Гацуру перавялі ў новы будынак Менскага сьледчага ізалятара каля пасёлку Калядзічы пад Менскам.
Больш за 200 чалавек, паводле праваабаронцаў, былі затрыманыя падчас рэйду ў «справе салідарнасьці», які сілавікі правялі сёлета 23 студзеня. «Вясна» паведамляе пра 24 чалавек, якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулау аб садзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК), фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-2 КК) і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (361-1 КК).
Паводле «Нашай нівы», 5 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе пачнецца яшчэ адзін працэс за салідарнасьць са сваякамі палітвязьняў. Судзіць будуць мянчанку Алену Тапаркову. Жанчыне выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу — за «садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Як і Марыне Гацуры, ёё пагражае 7 гадоў зьняволеньня.
Яшчэ адзін працэс за салідарнасьць з палітвязьнямі адбудзецца ў 9 верасьня ў Менскім абласным судзе. Там будуць судзіць валянтэрку з Гомля Алену Тоцкую.
Жанчыну таксама затрымалі сёлета 23 студзеня, падчас рэйду КДБ па адрасах прадуктовай дапамогі ад ініцыятывы INeedHelpBY і цягам сьледзтва некалькі месяцаў трымалі ў турме ў Жодзіна. За кратамі Алене Тоцкай споўнілася 62 гады, ёй пагражае да 8 гадоў зьняволеньня нібыта за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасці» – гэта арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу.
Паводле інтэрнэт-выданьня reform.news, у садзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці ў аналягічных «справах аб салідарнасьці» вінавацяць таксама Ірыну Клязовіч, Надзею Лескавец, Ірыну Пагадаеву, Глеба Дудко, Жанну Дашкевіч і Ільлю Гумбара.
Праваабаронцы заўважаюць, што крымінальныя справы за салідарнасьць звычайна заканчваюцца асуджэньнем на пазбаўленьне волі. Напрыклад, маці дваіх дзяцей Ірына Пагадаева паводле 361-4 артыкула была асуджаная на 3 гады зьняволеньня, а Натальля Малец, якой у кастрычніку споўніцца 64 гады, атрымала ў падобнай справе тры з паловай гады калёніі.
Форум