Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: Беларусь сканцэнтравала войскі і ўзбраеньне на мяжы


На ўкраінска-беларускай мяжы
На ўкраінска-беларускай мяжы

Беларусь «пад выглядам вучэньняў канцэнтруе» ўзброеныя сілы ў Гомельскай вобласьці, побач з украінскай мяжой, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны са спасылкай на разьведвальныя службы краіны.

Паводле афіцыйнага Кіева, узброеныя сілы Беларусі «пад выглядам вучэньняў канцэнтруюць значную колькасьць асабістага складу, узбраеньняў і вайсковай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыі, зэнітных ракет, сродкаў супрацьпаветранай абароны і інжынэрных сродкаў.

У МЗС Украіны адзначылі, што беларускія войскі дыслякуюцца ў Гомельскай вобласці ля паўночных межаў Украіны. Тамсама была заўважаная прысутнасць наймітаў былой ПВК «Вагнэр».

Указваецца, што правядзеньне вучэньняў у памежнай зоне і ў непасрэднай блізкасьці ад аб’екта ядзернай энэргетыкі, Чарнобыльскай АЭС, «стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны і сусьветнай бясьпецы ў цэлым».

«Заклікаем афіцыйных асоб Рэспублікі Беларусь не рабіць трагічных памылак для ўласнай краіны пад ціскам Масквы, а яе ўзброеныя сілы — спыніць недружалюбныя дзеяньні і адвесьці войскі ад дзяржаўнай мяжы Ўкраіны на адлегласьць, якая перавышае дасяжнасьць сыстэм агню, наяўных у Рэспубліцы Беларусь», — падкрэслілі ў МЗС Украіны.

У ведамстве адзначылі, што ў выпадку парушэньня Беларусьсю дзяржаўнай мяжы Ўкраіна «прыме ўсе неабходныя захады для рэалізацыі права на самаабарону, гарантаванага Статутам ААН», а таксама ўсе канцэнтрацыі войскаў, вайсковых аб’ектаў і маршруты забесьпячэньня па тэрыторыі Беларусі «будуць законнымі аб’ектамі для Ўзброеных сіл Украіны».

18 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускія вайскоўцы перакінулі да мяжы з Украінай амаль траціну сваёй арміі. На такі крок, паводле яго, прыйшлося пайсьці, бо Кіеў нібыта ня толькі «трымае каля межаў зь Беларуссю больш за 120 тысяч вайскоўцаў», але і перакінуў дадатковыя сілы, заявіў Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму дзяржаўнаму тэлеканалу «Россия-1».

Міністэрства абароны Беларусі 11 жніўня заявіла, што нібыта «накіроўвае дадатковую вайсковую тэхніку ў прымежныя з Украінай рэгіёны». Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка назваў заяву Мінабароны Беларусі аб «умацаваньні» мяжы з Украінай «нагнятаньнем, каб працягваць падыгрываць Расеі».

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG