Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ двух беларусаў, якія ваявалі на баку Расеі і загінулі ва Ўкраіне


Расейская вайсковая ўніформа на полі бою ва Ўкраіне. 2022
Расейская вайсковая ўніформа на полі бою ва Ўкраіне. 2022

Валянтэры, якія прадстаўляюць розныя краіны, і зьбіраюць зьвесткі пра палонных і загінулых ва Ўкраіне вайскоўцаў расейскай арміі, паведамілі аб вялікай колькасьці запытаў зь Беларусі аб пошуку сваіх сваякоў, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі і не выходзяць на сувязь.

Ва Ўкраіне загінулі беларусы Андрэй Авярушка і Аляксандар Сянюк, якія ваявалі ў складзе падразьдзелаў расейскай арміі. Як паведамілі Свабодзе ў валянтэрскім праекце «НЕ ЖДИ меня из Украины», абодва ваявалі ў расейскай арміі паводле кантракту.

Аб гібелі Андрэя Авярушкі ў праект паведамілі ягоныя дзеці, якія пачалі пошук бацькі ў сёлета ў пачатку жніўня. 10 жніўня стала вядома пра ягоную гібель.

Андрэй Авяршука нарадзіўся 11 ліпеня 1969 году ў пасёлку Індура Горадзенскай вобласьці і ваяваў у 254-м гвардзейскім мотастралковым палку (вайсковая частка 91704) — гэта тактычнае фарміраваньне Сухапутных войскаў Расеі. Падразьдзел дысьлякаваўся ў Клінцах Бранскай вобласьці Расеі. Дзеці ўжо атрымалі пацьвярджэньне аб гібелі свайго бацькі.

24 красавіка 2024 году стала вядома аб гібелі Аляксандра Сенюка зь Менску. Да кантракту ў расейскім войску ён, імаверна, працаваў кіроўцам пасажырскага аўтобусу ў Менску. Ваяваў пад пазыўным «Белы» у першай асобнай штурмавой роце 33 мотастралковага палка, які ўдзельнічаў у баях у Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях Украіны.

«Пра яго гібель паведаміў вайсковец зь ягонага палка», — удакладнілі валянтэры.

Паводле іх, абставіны і дэталі падпісаньня гэтымі беларусамі кантрактаў на службу ў расейскай арміі ім невядомыя.

Зь Беларусі шмат запытаў пасьля баёў пад Данецкам

Валянтэры паведамілі, што да іх апошнім часам зьвяртаецца шмат людзей зь Беларусі па пошук сваякоў.

«У часе баёў за Аўдзееўку было шмат зваротаў зь Беларусі па пошуку. Але ўсе яны баяліся публікаваць свае звароты», — сказаў суразмоўца Свабоды.

Баі за Аўдзееўку пачаліся ў лютым 2022 году і працягваліся да сярэдзіны лютага 2024-га, калі ўкраінскія войскі пасьля цяжкіх баёў выйшлі з гэтага горада. У Аўдзееўцы ваявалі фармаваньні так званай «ДНР», а таксама 1439-ы самаходна-артылерыйскі полк, сфармаваны ў Іркуцку. У 2023 і пачатку 2024 году Расея перакідвала на аўдзееўскі кірунак батальён за батальёнам. Паводле зьвестак выведкі ЗША, толькі за кастрычнік-сьнежань 2023 году пад Аўдзееўкай загінулі або атрымалі раненьні каля 13 тысяч вайскоўцаў расейскай арміі.

На пытаньне, ці зьвярталіся зь Беларусі па пошук сваякоў пасьля пачатку ўкраінскай апэрацыі ў Курскай вобласьці, у праекце адказалі: «Калі будзе інфармацыя пра палонных, апублікуем на нашым канале».

Цяпер, паводле яшчэ аднаго праекту poteru.net, які вядзе базу загінулых ва Ўкраіне, пацьвердзілі гібель 16 беларусаў і выхадцаў зь Беларусі, якія ваявалі ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», расейскай арміі і ў ваенізаваных фармаваньнях так званых «ДНР» і «ЛНР».

Сярод іх — Раман Гровіч, Мікалай Маркаў, Аляксандар Шыянаў, Дзьмітры Леўчанка, Іван Ігнаценка, Аляксей Цішкевіч, Віталь Загнеткін, Аляксандар Міхайлаў, Ігар Валачылаў, Яраслаў Асташкоў, Сяргей Ланавенка, Віталь Чыбісаў, Дзяніс Лазараў, Аляксандар Сянюк, Руслан Нікіцін, Андрэй Авярушка.

Іншыя крыніцы паведамлялі пра гібель яшчэ пяці беларусаў, якія ваявалі за Расею, — Васіля Курловіча, Паўла Яўглеўскага, Пятра Лузанава, Уладзіслава Чарнова і Андрэя Бабко.

Дакладная колькасьць загінулых ва Ўкраіне беларусаў і выхадцаў зь Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі, невядома.


На баку Ўкраіны беларусы ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны і ваенізаваных падразьдзелах выведкі. Дакладная колькасьць загінулых зь іх таксама невядома. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з 2014 году ва Ўкраіне загінулі сама меней 66 беларусаў, якія ваявалі разам з украінцамі супраць расейскай агрэсіі. Як мінімум два беларускія добраахвотнікі цяпер у расейскім палоне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG