Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея перакідае ў Курскую вобласьць падразьдзелы зь непрыярытэтных кірункаў фронту


Курская вобласьць Расеі, 11 жніўня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Курская вобласьць Расеі, 11 жніўня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты мяркуюць, што Крэмль і вайсковае камандаваньне Расеі ствараюць «складаную і пакуль што неэфэктыўную структуру камандаваньня і кантролю для адказу на ўкраінскае ўварваньне ў Курскую вобласьць».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) сьцьвярджаюць, што Расея пакуль масава не перакідае свае найбольш падрыхтаваныя і эфэктыўныя вайсковыя падразьдзелы з Украіны ў Курскую вобласьць.

«Вайсковае камандаваньне Расеі выцягвае асобныя элемэнты расейскіх нерэгулярных падразьдзелаў з Данецкай вобласьці, каб супрацьстаяць украінскаму ўварваньню ў Курскую вобласьць, але, хутчэй за ўсё, будзе вельмі неахвотна выводзіць падразьдзелы, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у прыярытэтных сэктарах Данецкай вобласьці», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту за 15 жніўня.

Паводле экспэртаў, гэта можа сьведчыць, што Расея па-ранейшаму аддае перавагу бягучым наступальным апэрацыям на ўсходзе Ўкраіны.

«Расейскія войскі трымаюць адносна высокі тэмп наступу ў Данецкай вобласьці, дэманструючы, што расейскае вайсковае камандаваньне надалей аддае перавагу наступу ўва ўсходняй Украіне нават ва ўмовах ціску Ўкраіны на расейскія сілы ў Курскай вобласьці», — адзначаюць экспэрты.

У справаздачы ISW адзначаецца, што расейскія войскі працягваюць тактычнае атачэньне ўкраінскіх сіл на паўднёвы ўсход ад Пакроўску. Аналізуючы відэазапісы, экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі нядаўна прасунуліся на гэтым кірунку.

«ISW ацэньвае, што расейскія войскі, імаверна, захапілі Арлоўку і Жаланнае. Апошнія некалькі тыдняў расейскія войскі таксама працягвалі мэханізаваныя штурмы ў раёне Данецку», — адзначаецца ў справаздачы.

У Інстытуце вывучэньня вайны надалей сьцьвярджаюць, што ўкраінскія сілы не кантралююць цалкам тэрыторыю ў межах заяўленага прасоўваньня, але стварэньне камэндатуры, імаверна, дазволіць украінскім сілам каардынаваць ваенныя дзеяньні ў зоне, якая падпадае пад максымальныя прэтэнзіі Ўкраіны, і абараняць мірнае насельніцтва. 15 жніўня кіраўніцтва Ўкраіны заявіла пра кантроль над 82 паселішчамі ў Курскай вобласьці.

У той жа час экспэрты адзначаюць, што Крэмль і вайсковае камандаваньне Расеі ствараюць «складаную і пакуль што неэфэктыўную структуру камандаваньня і кантролю для адказу на ўкраінскае ўварваньне ў Курскую вобласьць».

«Запозьненае стварэньне такой структуры надалей падкрэсьлівае той факт, што Крэмль ня здолеў прадбачыць імавернасьць значнага ўварваньня Ўкраіны ў Расею. Крэмль і расейскае вайсковае камандаваньне разглядалі расейскую мяжу з паўночна-ўсходняй Украінай як бязьдзейны ўчастак фронту з восені 2022 году і, падобна, недастаткова плянавалі непрадбачаныя сытуацыі для абароны расейскай тэрыторыі», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

  • Баявыя дзеяньні ў Курскай вобласьці пачаліся 6 жніўня ў выніку ўварваньня ўкраінскіх вайскоўцаў. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • 15 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца больш за 80 паселішчаў Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны», і магчымае стварэньне вайсковых камэндатураў у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, мяркуюць, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG