Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне патлумачылі, навошта напалі на Курскую вобласьць. Што вядома на сёмы дзень баявых дзеяньняў


Баі на тэрыторыі Курскай вобласьці пачаліся 6 жніўня. Ілюстрацыйнае фота
Баі на тэрыторыі Курскай вобласьці пачаліся 6 жніўня. Ілюстрацыйнае фота

У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні.

У Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі, што ўварваньне ў Курскую вобласьць было абумоўлена неабходнасьцю спыніць абстрэлы Ўкраіны з гэтага рэгіёну Расеі, а таксама ўскладніць лягістыку для перакіданьня рэзэрваў расейскага войска на фронт у Данецкай вобласьці.

«На жаль, Украіна ня можа наносіць удары наяўнай далёкабойнай зброяй, каб абараніцца ад тэрору. Няма пакуль гэтых рашэньняў, на якіх мы настойваем, таму ёсьць патрэба пры дапамозе Ўзброеных сіл вызваляць гэтыя памежныя тэрыторыі ад расейскага вайсковага кантынгенту, які наносіць удары па Ўкраіне», — паведаміў сьпікер МЗС Украіны Георгій Ціхі на прэсавай канфэрэнцыі 13 жніўня.

Паводле яго, з пачатку лета Расея з тэрыторыі Курскай вобласьці нанесла больш за 2000 удараў па Сумскай вобласьці Ўкраіны.

Георгій Ціхі падкрэсьліў, што Ўкраіна не імкнецца «захопліваць чужыя тэрыторыі», а цяперашняя сытуацыя ў Курскай вобласьці дапамагае на іншых лініях фронту ва Ўкраіне.

«Гэта не дазваляе Расеі перакідаць дадатковыя падразьдзелы ў Данецкую вобласьць і ўскладняе яе вайсковую лягістыку. Узброеныя сілы Ўкраіны — гэта цывілізаваная вайсковая сіла, якая цалкам выконвае законы і звычаі вядзеньня вайны і міжнароднага гуманітарнага права. Цэль Узброеных сіл — толькі вайсковыя аб’екты і вайсковы кантынгент», — падкрэсьліў сьпікер МЗС Украіны.

Ва Ўкраіне заявілі пра інтэнсыфікацыю баявых дзеяньняў

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны забаранілі цывільным перамяшчацца ў пэрымэтры дваццацікілямэтровай памежнай зоны Сумскай вобласьці, якая мяжуе з Курскай вобласьцю Расеі.

«У сувязі з павелічэньнем інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў, актывізацыяй дзейнасьці дывэрсійна-выведных груп, сіл спэцыяльных апэрацый праціўніка і з мэтай захаваньня жыцьця цывільнага насельніцтва і вайскоўцаў, вайсковае камандаваньне ўвяло абмежаваньні на перамяшчэньні ўсіх катэгорый грамадзян у памежнай дваццацікілямэтровай зоне Сумскай вобласьці», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

На гэтую тэрыторыю могуць дапускаць толькі тых грамадзян Украіны, якія зарэгістраваныя ў адпаведных населеных пунктах гэтага рэгіёну.

У Расеі пераконваюць, што спынілі наступ украінцаў

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі аб спыненьні спробаў «мабільных груп праціўніка» прарвацца на бранятэхніцы ўглыб расейскай тэрыторыі ў раёнах населеных пунктаў Обшчы Калодзезь, Снагасьць, Каўчук і Аляксееўскі.

Для гэтага расейцы задзейнічалі падразьдзелы групоўкі войскаў «Поўнач», рэзэрвы, а таксама вайсковую авіяцыю, артылерыю і дроны.

У Мінабароны ўдакладнілі, што авіяцыю і артылерыю актыўна выкарыстоўвалі ў раёнах Міхайлаўкі, Коранева, Мікалаева-Дар’іна, Алешні, Суджы і Мікалаеўкі, а ў Азерках правялі «зачыстку».

Адначасова расейцы паведамілі, што абстралялі рэзэрвы Ўзброеных сіл Украіны ў раёнах Мірапольля, Могрыцы і Петрушоўкі Сумскай вобласьці.

У той жа час улады Бальшасалдацкага раёну Курскай вобласьці абвясьцілі пра збор заявак жыхароў на эвакуацыю.

  • У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
  • Расейскія войскі, каб стрымаць украінскую апэрацыю ў Курскай вобласьці, узмацнілі агнявы ціск на сумежную Сумскую вобласьць. Украінскія ўлады штодзень паведамляюць аб ракетна-авіяцыйных ударах Расеі, у выніку якіх гінуць цывільныя грамадзяне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG