Журналісту Кіркевічу завочна прысудзілі 7 гадоў калёніі і штраф
У Горадзенскім абласным судзе 2 жніўня ў парадку спэцыяльнага вядзеньня вынесьлі прысуд журналісту і былому палітвязьню Алесю Кіркевічу — 7 гадоў калёніі, штраф 24 тысячы рублёў і арышт маёмасьці. Гэта максымальнае пакараньне з магчымых.
Таксама суд пастанавіў сканфіскаваць раней арыштаваную частку дому Кіркевіча ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну.
Журналіста абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Справу з 8 ліпеня завочна разглядаў судзьдзя Юры Казакевіч. З прысуду стала вядома, што Алеся асудзілі за інтэрвію для Радыё Свабода і «Белсату».
Пачалі «спэцвядзеньне» ў дачыненьні да жыхара Маладэчна Аляксандра Карнеева
Пра пачатак спэцыяльнага крымінальнага судаводзтва ў дачыненьні да 33-гадовага актывіста з Маладэчна Аляксандра Карнеева паведаміў 6 жніўня ў спэцыялізаваным тэлеграм-канале Сьледчы камітэт Беларусі.
Карнева абвінавачваюць па арт. 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яму прапанавалі зьявіцца ў аддзел СК ў Маладэчне.
Паводле зьвестак выданьня «Медиазона. Беларусь», Карнееў — мясцовы актывіст, удзельнік акцыяў пратэсту ў 2020 годзе, палітэмігрант.
Напярэдадні СК паведаміў пра пачатак «спэцвядзеньня» ў дачыненьні да жыхара Магілёва Аляксандра Яцэнкі.
Прадпрымальніка з Паставаў завочна асудзілі да 6 гадоў калёніі
У Менскім абласным судзе 29-гадовага Ігара Парункевіча, які валодаў барам у Паставах, дзе зьбіралі грошы пацярпелым ад рэпрэсіяў, завочна асудзілі да 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». Праз тыдзень Вярхоўны суд разгледзіць апэляцыйную скаргу на прысуд.
Мужчыну абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці),
- арт. 368 (Абраза Лукашэнкі),
- арт. 364 (Пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да міліцыянта),
- ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам невядомая. Прысуд 22 красавіка вынесьла Алена Бачышча.
Спачатку СК у парадку «спэцвядзеньня» завёў супраць Ігара крымінальную справу паводле трох артыкулаў. За два месяцы да суда да справы дадалі яшчэ адзін артыкул — «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
У Паставах прадпрымальнік Ігар Парункевіч меў уласны бар у цэнтры гораду. Ужо апынуўшыся за мяжой, ён расказваў, што падтрымліваў Сьвятлану Ціханоўскую і што ў яго бары «выставілі скрыню для ахвяраваньняў для тых, хто пацярпеў падчас акцыяў пратэсту». Міліцыянтам гэта не спадабалася, яны спачатку пагражалі, а потым на прадпрымальніка завялі крымінальную справу. Ён вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер жыве ў Літве.
Старонку Франака Вячоркі ва «Укантакце» прызналі «экстрэмісцкай»
Старонку дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі ва «Укантакце» прызналі «экстрэмісцкай». Адпаведнае рашэньне прыняў суд Бярозаўскага раёну 31 ліпеня. На старонцы Франака Вячоркі ў гэтай сацыяльнай сетцы амаль 4000 сяброў, адзначае «Вясна».
Таксама сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «Мiй Киïв | Свiтло», «Киевский Движ», «Вечерний Жлобин», «MILITANT ZONE»;
- Youtube-каналы «УНІАН», «Жыве»;
- Старонка ва «Укантакце» «******Жыве Беларусь!******».
Горадзенскую актывістку завочна асудзілі да 2,5 гадоў калёніі
2 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Горадні асудзілі актывістку з Горадні Кацярыну Туманаву, піша «Вясна».
Судзьдзя Ўладзімер Пазьняк прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і асудзіў яе да двух з паловай гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму
Арышт, накладзены на маёмасьць Кацярыны Туманавай, зьнялі.
За «экстрэмізм» судзяць дызайнэрку
У Віцебскім абласным судзе 6 жніўня пачаўся суд над Натальляй Крэміс паводле ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») КК. Справу вядзе судзьдзя Яўген Буруноў. Ён вынес прынамсі 17 палітычна матываваных прысудаў, паведамляе «Вясна».
Натальля вядомая сваімі дызайнэрскімі вырабамі зь лёну, ручным росьпісам і вышыўкай, паведамляў раней тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
У Берасьці за ўдзел у пратэсьце судзяць двух братоў і яшчэ двух чалавек
У судзе Ленінскага раёну Берасьця 6 жніўня пачаўся чарговы суд паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у пратэсьце 10 жніўня 2020 году. Гэтым разам судзяць двух братоў Мацьвея і Леаніда Аверчукоў. Пра іх затрыманьне стала вядома на пачатку чэрвеня, паведамляюць праваабаронцы. Таксама ў гэтай справе праходзяць Алег Літвінчук і Аляўціна Гудкова.
Справу супраць берасьцейцаў разглядае Андрэй Грушко, на ліку якога мінімум 29 палітычных прысудаў у крымінальных справах. У 2021 годзе ён адправіў у калёніі на тэрміны ад 3,5 да 5 гадоў за ўдзел у пратэстах 13 палітвязьняў.
30 ліпеня ў гэтым жа судзе за пратэст 10 жніўня 2020 году пачалі судзіць 8 чалавек. Агулам толькі за вясну 2024 году за гэтую акцыю асудзілі ўжо больш за 20 чалавек.
На беларуска-латвійскай мяжы затрымалі беларуса
Тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў, сьцьвярджае, што затрыманы мужчына быў адміністратарам шэрагу тэлеграм-каналаў, браў удзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту, пісаў абразьлівыя камэнтары пра Лукашэнку і сілавікоў, а таксама даслаў інфармацыю пра свайго знаёмага ініцыятыве «Чорная кніга Беларусі».
Паведамляецца, што мужчына ехаў з Латвіі ў Беларусь.
У сацыяльных сетках затрыманы падпісваўся як Алекс Хахлоў, пішуць праваабаронцы.
За ўдзел у пасьлявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі менчука
«Пакаяльнае відэа» зь ім апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Вадзім Сянюта. Дзе ён цяпер і ў якім працэсуальным статусе, праваабаронцам пакуль не вядома.
У Менску судзяць 3D-візуалізатара
У судзе Савецкага раёну Менску 6 жніўня пачаўся суд над Антонам Вайцяховічам паводле ч. 1 арт. 342 КК. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэставай акцыі. Справу разглядае судзьдзя Алена Жуковіч.
Антона затрымалі 19 траўня ў Менску. У якасьці доказаў ягонай апазыцыйнай дзейнасьці ў прымусова зьнятым відэа сілавікі паказалі кнігу Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя», якую знайшлі ў Вайцяховіча.
За ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту затрымалі хлопца і дзяўчыну
Зь відэа на праўладным тэлеграм-канале вынікае, што сілавікі залезьлі да іх дадому праз гаўбец — пара жыве на другім паверсе шматпавярховага дому, паведамляе «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя — Сямён Дубовік і Стэфанія Мельнікава.
Форум