Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі Гаюн»: сама меней 5 дронаў «Шахэд» заляцелі ўначы ў Беларусь


Дрон-камікадзэ тыпу «Шахэд», архіўнае ілюстрацыйнае фота
Дрон-камікадзэ тыпу «Шахэд», архіўнае ілюстрацыйнае фота

У ноч з 30 на 31 ліпеня адбыўся самы масавы заход дронаў-камікадзэ тыпу «Шахэд» у паветраную прастору Беларусі за ўвесь пэрыяд маніторынгу — на тэрыторыю краіны заляцелі сама меней 5 бесьпілётнікаў, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Паводле зьвестак «Беларускага Гаюна», першы з «Шахэдаў» зайшоў у Беларусь каля 23:20 у раёне вёскі Асарэвічы (за 1,5 км ад дзяржаўнай мяжы з Украінай).

Ужо ў 23:50 з аэрадрома «Баранавічы» быў узьняты зьнішчальнік Вайскова-паветраных сіл Беларусі, які больш за гадзіну (да 01:30) лётаў па ўсім паўднёвым усходзе краіны паблізу прымежжа. Яго заўважалі ў раёне Рэчыцы, Гомля і паблізу іншых населеных пунктаў ля мяжы з Украінай. Гэта сьведчыць, што зьнішчальнік праводзіў інтэнсіўны пошук цэляў і быў узьняты ня проста на выведку, адзначаюць у маніторынгавай групе.

Пасьля вяртаньня зьнішчальніка ў Баранавічы ўжо тры дроны-камікадзэ зноў уварваліся ў паветраную прастору Беларусі ў раёне мястэчка Лоеў, вёсак Асарэвічы і Кірава. Па часе гэта адбывалася ў 23:20, 00:05, 01:20. Апошняя група зайшла ў Беларусь у раёне 02:30, прычым у апошнім выпадку былі адразу два дроны, паводле «Гаюна».

Як паведамляе маніторынгавая група, большасьць дронаў пасьля заходу адразу сыходзілі ўглыб Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка і далей назад ва Ўкраіну, але адзін з дронаў праляцеў па Беларусі больш за 260 кілямэтраў, ажно да гораду Столін (Берасьцейская вобласьць).

У Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі 31 ліпеня заявілі, што ў ноч з 30 на 31 ліпеня Расея правяла найбольшую за апошні час атаку дронамі на ўкраінскую сталіцу. Паводле кіеўскіх уладаў, спрацавалі сілы супрацьпаветранай абароны — у часе атакі зьбілі больш за 40 дронаў.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 31 ліпеня Расея атакавала ўкраінскую тэрыторыю 89 дронамі. Сродкі СПА зьбілі ўсе бесьпілётнікі.

Пра факты залёту дронаў на тэрыторыю Беларусі ва Ўкраіне не паведамлялі.

  • З 11 па 16 ліпеня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» апублікавала інфармацыю пра зьяўленьні ў беларускай паветранай прасторы чатырох баявых бесьпілётнікаў «Шахэд». Некаторыя зь іх выкарысталі Беларусь для транзыту на ўкраінскую тэрыторыю. Некалькі, паводле інфармацыі рэсурсу, маглі застацца ў Беларусі. Сьцьвярджалася, што ва ўсіх выпадках «Шахэдамі» зацікавіліся сілы супрацьпаветранай абароны Беларусі. У паветра падымалі баявыя самалёты і верталёты. Пра факты зьбіцьця меркаваных расейскіх «Шахэдаў» над Беларусьсю інфармацыі пакуль няма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG