Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі. Што пра яго вядома

абноўлена

Расейская вайсковая форма. Ілюстрацыйнае фота
Расейская вайсковая форма. Ілюстрацыйнае фота

Два гады таму падобнага мужчыну з такім жа годам нараджэньня МУС Беларусі абвясьціла ў вышук.

Украінскія войскі ўзялі ў палон ураджэнца Бабруйску Яўгена Камянькова, які ваяваў у складзе 255-га гвардзейскага мотастралковага палка Сухапутных войскаў Расеі.

Яўген Камянькоў, імаверна, трапіў у палон вясной 2024 году ў часе баёў пад Ваўчанскам Харкаўскай вобласьці. Вядома, што ён нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году.

Адметна, што трэцяга ліпеня 2022 году ў Telegram-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у якім паведамляюць пра зьніклых людзей, апублікавалі інфармацыю аб вышуку на той момант 23-гадовага жыхара Бабруйску Камянькова Яўгена Андрэевіча.

Згодна з паведамленьнем, ён разам з 13-гадовым Лазюком Аляксеем Леанідавічам 1 ліпеня 2022 году пайшоў у невядомым кірунку з манастыра «Афанасія», што знаходзіцца па вуліцы Сьвята-Афанасьеўскай у Берасьці. Сярод асаблівых прыкмет Яўгена Камянькова ў паведамленьні назвалі тату ў выглядзе кінжала даўжынёй каля 20 сантымэтраў на ўнутраным баку перадплечча. Паведамлялася, што яны могуць перамяшчацца ўздоўж дарог, наведваць цэрквы, манастыры і іншыя рэлігійныя арганізацыі.

Фота Яўгена Камянькова, якое апублікавалі ў 2022 годзе ў картцы пра ягоны вышук
Фота Яўгена Камянькова, якое апублікавалі ў 2022 годзе ў картцы пра ягоны вышук

8 ліпеня 2022 году прэсавая служба МУС Беларусі паведаміла, што Аляксея Лазюка знайшлі ў горадзе Пушкіна Маскоўскай вобласьці. Спачатку яго разьмясьцілі ў дзіцячым сацыяльным прытулку, а потым мусілі забраць дадому беларускія міліцыянты. Паведамленьня, што Яўгена Камянькова ўжо знайшлі, тады не было.

На новым фатаздымку, які Свабода мае імаверна з украінскага палону, мужчына падобны на таго, здымак якога разьмясьцілі ў Беларусі для вышуку Камянькова Яўгена Андрэевіча — у іх супадаюць колер вачэй, форма носу і росту валасоў на лобнай частцы галавы.

Свабода зьвярнулася ва ўкраінскі дзяржаўны праект «Хачу знайсьці», створаны для перадачы сваякам інфармацыі аб ваеннапалонных, зьніклых бязь зьвестак ці загінулых расейскіх вайскоўцаў. Паводле правілаў праекту, адказ могуць даць цягам 14 дзён.

У інтэрвію ўкраінскаму праекту «Шукай сваіх», які вядзе Ўладзімір Золкін, Яўген Камянькоў расказаў, што зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, мае прыёмных бацькоў, братоў і сясьцёр, зь якімі не падтрымлівае кантактаў, апошні час займаўся бадзяжніцтвам, жыў у манастырах. Паводле адукацыі, ён вэтэрынар. У палон ён трапіў выніку раненьня ад падзеньня дрону.

Яўген Камянькоў расказаў, што ў школе вучыўся кепска, цікавіўся магіяй, бо хацеў вучыцца добра і мець добрыя дачыненьні зь людзьмі.

Беларус таксама расказаў, што перабіваўся часовымі працамі, пэўны час быў зьвязаны з цыганамі і прасіў дапамогу для нібыта «дзяцей». Шмат езьдзіў у Расею, дзе таксама спрабаваў уладкавацца на працу, але заўсёды трапляў у гісторыі, калі яму не аплочвалі працу.

З апошняй працы на цагляным заводзе ў Дагестане ён вымушаны быў уцякаць без дакумэнтаў. На адным з памежных пастоў яго затрымалі для высьвятленьня асобы. Адзін зь мясцовых паліцыянтаў паабяцаў яму дапамагчы і прапанаваў яму працу. Аднак потым, калі Яўген выкраў у яго пасьведчаньне, той нібыта адвёз яго ў суд, які пастанавіў выдварыць у Беларусь.

Пасьля году знаходжаньня ў ізалятары Яўген Камянькоў падпісаў кантракт у «спэцпрыёмніку» у канцы красавіку 2024 году — яму паабяцалі добры заробак і грамадзянства Расеі.

На тэрыторыю Ўкраіны яго перакінулі ў траўні 2024 году ў складзе 255-га гвардзейскага мотастралковага палка Сухапутных войскаў Расеі, а празь некалькі тыдняў ён трапіў у палон.

«У далейшым я б хацеў застацца на тэрыторыі Ўкраіны і не вяртацца на вайну, таму што тое, што яны робяць – гэта вар’яцтва. Хацеў бы папрасіць прабачэньня ў украінскага народу, што я пагадзіўся на гэтую вайну», – сказаў Яўген у канцы размовы.

Ён заклікаў беларусаў не пагаджацца на ўдзел у вайне супраць Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG