Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Пашкевіч пра «генацыд беларускага народу» і «рэабілітацыю нацызму»


Гісторык Аляксандар Пашкевіч, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі
Гісторык Аляксандар Пашкевіч, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі

Наколькі гістарычную адукацыю і палітыку гістарычнай памяці ў Беларусі перарабляюць на расейскі ўзор? Ці навукова гаварыць пра генацыд беларускага народу падчас Другой сусьветнай вайны? І ці варта сьвяткаваць перамогі ў бітвах, якім ужо шмат стагодзьдзяў?

Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» кажа гісторык Аляксандар Пашкевіч, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі.

Цалкам гутарку глядзіце ў відэафармаце.

Фрагмэнты з гутаркі:

  • На жаль, паняцьце генацыду вельмі зашмальцавалі і абясцэнілі. Варта разумець, што яно мае дакладнае значэньне — гэта мэтанакіраванае зьнішчэньне нейкай групы людзей па нейкіх расавых, рэлігійных ці іншых матывах проста за тое, што яны да гэтай групы належаць.
  • Напрыклад, генацыд габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны пад гэта абсалютна падпадае. Вынішчэньне тычылася ўсіх, незалежна ад таго, дзе чалавек жыў, якога быў полу, узросту ці здароўя. Зьнішчалі проста за прыналежнасьць да гэтага народу. Адносна беларусаў усё ж такі такога ў часы Другой сусьветнай вайны не было.
  • Вядома ж, акупацыйны рэжым, які існаваў на Беларусі, быў вельмі жорсткі. І калі з гледзішча тагачасных нямецкіх «сілавікоў» нехта ўяўляў пагрозу ці трэба было застрашыць насельніцтва, яны дзейнічалі бязьлітасна і зьнішчалі ўсіх навокал. Але параўноўваць тое, што адбывалася тады зь беларусамі і іншымі славянскімі народамі, з тым, што адбывалася з габрэямі, — па-мойму, гэта вялікая нацяжка.
  • У нашых рэаліях перасьлед за «адмаўленьне генацыду» і «рэабілітацыю нацызму» — гэта частка агульных палітычных рэпрэсій. Гэта проста зачэпка, каб чалавека рэпрэсаваць.
  • Разьвіцьцё гістарычнай навукі немагчымае без навуковых дыскусій. Цяпер ты ў Беларусі ня можаш працаваць з крыніцамі, рабіць пасьля іх вывучэньня нейкія высновы і пасьля іх свабодна выказваць.
  • Калі пракуратура ці нехта іншы прынялі рашэньне, што быў генацыд беларускага народу, што толькі адна думка правільная, а ўсе астатнія ня проста няправільныя, але і падлягаюць крымінальнай кары, дык немагчыма працаваць тым навукоўцам, якія маюць іншую думку і хочуць выказаць яе аргумэнтавана, з выкананьнем усіх патрабаваньняў да навуковых дасьледаваньняў.
  • Цэлыя пласты навуковых дасьледаваньняў цяпер робяцца небясьпечнымі — тую самую Другую сусьветную вайну ніхто ня хоча кранаць, бо за гэта можа ў любы момант «прыляцець».
  • Цяпер ідзе гаворка пра ўніфікацыю навучальных праграмаў і падручнікаў з Расеяй. Ёсьць ужо небясьпечныя тэмы ня толькі з XX стагодзьдзя. Найбольш характэрны прыклад — гэта асоба Кастуся Каліноўскага і паўстаньне 1863 году. Нават у савецкія часы ягоны вобраз быў гераічны — хай сабе не нацыянальны, але вобраз рэвалюцыянэра, які рабіў пазытыўныя рэчы. Цяпер ён ня ўпісваецца ў новыя тэндэнцыі, бо выступаў супраць Расеі.
  • Тое, што было ў далёкай мінуўшчыне, ня можа выкарыстоўвацца, каб апраўдваць сёньняшнія дзеяньні і сьцьвярджаць нейкія свае «гістарычныя правы». Бо з таго часу шмат вады сплыло, шмат чаго памянялася, часам вельмі радыкальна. Груба кажучы, калі нейкі князь тысячу гадоў таму некуды пайшоў і нешта заваяваў, дык класьці ягоныя дзеяньні ў аснову сучаснай палітыкі — гэта дурасьць.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG