Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перакрыла пастаўкі расейскай нафты ў Вугоршчыну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украіна спыніла пастаўкі ў Вугоршчыну расейскай нафты праз нафтаправод «Дружба». Пра гэта расказаў міністар замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта на палях сустрэчы са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым у ААН.

Паводле Сіярта, блякаваньне «Дружбы» выклікана ўзмацненьнем жорсткасьці санкцый Украіны супраць Расеі.

Міністар таксама заявіў, што пастаўшчык расейскай нафты ў Вугоршчыну — кампанія «Лукойл» — і вугорская энэргетычная кампанія MOL зараз імкнуцца знайсьці сумеснае юрыдычна прымальнае рашэньне, каб аднавіць пастаўкі.

Украінскі ўрад узмацніў жорсткасьць санкцый супраць «Лукойла» ў мінулым месяцы, заявіўшы, што ня будзе краінай транзыту для яго прадукцыі.

Да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну Расея пастаўляла Вугоршчыне праз паўднёвую ветку нафтаправоду «Дружба» каля пяці мільёнаў нафты-сырцу штогод. Пасьля пачатку вайны пастаўкі зьменшыліся нязначна — прыблізна на два працэнты. Будапэшт працягвае падтрымліваць узаемавыгадныя гандлёвыя адносіны з Масквой і рэгулярна выступае ў Эўрапарлямэнце супраць узмацненьня жорсткасьці эўрапейскіх санкцый і супраць вайсковай і эканамічнай падтрымкі Ўкраіны.

На пачатку ліпеня прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан прыехаў у Маскву і сустрэўся з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Сам ён назваў свой візыт «мірнай місіяй» з мэтай выступіць пасярэднікам у магчымых перамовах паміж Расеяй і Ўкраінай, хоць пасьля сустрэчы заявіў, што пазыцыі Масквы і Кіева практычна непрымірымыя. Пуцін пасьля сустрэчы з Орбанам згадаў, што Расея і Вугоршчына заключылі новыя дамовы аб супрацоўніцтве ў галінах атамнай энэргетыкі, сельскай гаспадаркі і хімічнай прамысловасьці. Эўрапарлямэнт рэзка асудзіў паездку вугорскага прэмʼера ў Маскву, назваўшы яе парушэньнем прынцыпаў зьнешняй палітыкі ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG