Расейская нафта маркі Urals таргавалася 6 студзеня па цане, меншай за 38 даляраў за барэль. Гэта значна ніжэй за цэнавую столь на расейскую нафту, уведзеную ЭЗ і краінамі «Групы сямі» з мэтай скараціць расейскія магчымасьці фінансаваньня вайны з Украінай. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дадзеныя незалежнага цэнавага агенцтва Argus.
Па дадзеных Argus, нафта Urals прадавалася за 37,80 даляра за барэль у порце Прыморск. Пры гэтым у той жа дзень сусьветны стандарт Brent каштаваў звыш 78 долараў за барэль.
Як адзначае Bloomberg, заходнія санкцыі прывялі да росту залежнасьці Расеі ад Кітая і Індыі. Гэтыя дзьве краіны, а таксама Турэччына, зьяўляюцца сёньня адзінымі буйнымі пакупнікамі расейскай нафты. У сытуацыі, якая склалася, Масква вымушана прадаваць сваю нафту па зьніжаных цэнах, каб канкураваць з пастаўкамі з Блізкага Ўсходу, піша агенцтва.
Bloomberg таксама паведамляе, што аб'ёмы нафты, якая ідзе ў Кітай, Індыю і Турэччыну, упалі да самых нізкіх паказчыкаў за 10 тыдняў. Скарачэньне паставак у Турцыю стала «асабліва драматычным», адзначае агенцтва.
Так, паводле дадзеных адсочваньня суднаў, абʼём імпарту з Расеі, які вырас амаль да 400 тысяч барэляў на дзень у верасьні, упаў да 21 тысячы барэляў на дзень за апошнія чатыры тыдні. Гэта ніжэй, чым было на пачатку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, адзначае Bloomberg.
5 сьнежня ўступіла ў сілу эмбарга на марскія пастаўкі расейскай нафты ў краіны Эўрапейскага зьвязу, а таксама столь цэн у 60 долараў за барэль на нафту з Расеі, які перавозіцца па моры. Ён быў узгоднены Эўразьвязам, краінамі «Групы сямі» і Аўстраліяй.
У першы тыдзень дзеяньня цэнавай столі і забароны на пастаўкі расейскай нафты морам экспарт з Расеі скараціўся на 54%.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у адказ забараніў пастаўкі расейскай нафты і нафтапрадуктаў краінам, якія выкарыстоўваюць столь цэнаў.