Больш за 160 чалавек патанулі ў Беларусі з пачатку 2024 году, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік АСВОД Кацярына Міхалёва. Паводле ранейшых зьвестак арганізацыі, з пачатку году выратавана 100 чалавек, у тым ліку 26 дзяцей.
«З пачатку году ў Беларусі патанулі 165 чалавек. Узрост загінулых зусім розны. Калі гаворка ідзе пра пажылых людзей, дык прычынай гібелі на вадзе могуць стаць хранічныя захворваньні. З прычыны стану здароўя яны могуць загінуць па неасьцярожнасьці», — сказала Кацярына Міхалёва.
Калі гаворка ідзе пра людзей сярэдняга ўзросту, паводле Міхалёвай, асноўныя прычыны трагедыі — гэта падзеньне ў ваду або купаньне ў стане алькагольнага або наркатычнага ап’яненьня.
«Гэта могуць быць і розныя сытуацыі пры купаньні. Пачынаючы ад спробы пераплысьці вадаём на спрэчку і заканчваючы заплывам за буйкі», — дадала прадстаўнік АСВОД.
Як удакладніла 5 ліпеня прадстаўніца Генпракуратуры Вікторыя Фіневіч, ад пачатку году ў Беларусі патанулі 14 дзяцей, у тым ліку 9 — у чэрвені. Паводле яе, «фактычна ўсе патанулыя на вадаёмах непаўналетнія былі пакінутыя без нагляду бацькоў».
6 ліпеня прэс-служба МНС паведаміла, што ў Мядзельскім раёне ў сажалцы на ўчастку патануў двухгадовы хлопчык, яго цела з вадаёма дасталі бацькі; а ў Салігорскім раёне пэнсіянэр патануў у меліярацыйным канале. Такім чынам, колькасьць загінулых дзяцей вырасла да 15.
«У сьпякотны пэрыяд дзеці тонуць практычна штодня», — адзначыла Фіневіч.
Паводле яе, толькі за мінулыя выходныя ў Беларусі патанулі трое дзяцей. Адзін зь іх — аднагадовы хлопчык, пакінуты літаральна на імгненьне без увагі маці, ён патануў у басэйне ў двары дома. Ліпень таксама пачаўся з сумных навінаў: чатырохгадовая дзяўчынка, якая самастойна сышла з дваровай тэрыторыі, патанула ў штучным вадаёме ў Камянецкім раёне.
«Нават кароткачасовае аслабленьне ўвагі можа каштаваць дзіцяці жыцьця», — адзначыла прадстаўніца Генпракуратуры і заклікала дарослых не пакідаць дзяцей без нагляду.
Паводле зьвестак АСВОД, у 2023 годзе ў Беларусі патанулі 339 чалавек — на 12,2% менш, чым у 2022-м. Непаўналетніх загінула на вадзе 21 (годам раней — 25; −16%). Паведамлялася, што 55,2% загінулых (187 чалавек, у тым ліку два падлеткі) знаходзіліся ў стане алькагольнага або наркатычнага ап’яненьня.
Форум