Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Просьба Пуціна». Лукашэнка расказаў пра абмен «дывэрсанта», якога абвінавачвалі ў падрыве самалёта ў Мачулішчах


Мікалай Швец, архіўнае фота
Мікалай Швец, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка раскрыў падрабязнасьці нядаўняга абмену ўкраінца Мікалая Швяца, якога затрымалі ў сакавіку 2023 году ў справе аб падрыве расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Паводле КДБ, ён нібыта спрабаваў учыніць тэракт па заданьні СБУ.

2 ліпеня Лукашэнка падчас высупу на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным 3 Ліпеня, раскрыў падрабязнасьці абмену ўкраінца Мікалая Швеца.

«Я ня ведаю, свабодны, несвабодны... Напэўна, свабодны. Бацькі яго, дывэрсанта, сустрэлі. Усё было проста. Ніякія сьвятары ў гэтым ня ўдзельнічалі. Гэта была просьба прэзыдэнта Расеі: калі ёсьць магчымасьць, дапамагчы вызваліць вядомага сьвятара Іянафана. Украінцы да нас з гэтай просьбай зьвярнуліся. Я Пуціну кажу: „Што будзем рабіць? Ваша рашэньне?“. Таму мы гэтага чалавека аддалі ва Ўкраіну, яны нам аддалі сьвятара», — раскрыў падрабязнасьці Лукашэнка, яго цытуе БелТА.

Такім чынам ён пацьвердзіў інфармацыю, што Мікалая Швяца абмянялі на мітрапаліта Тульчынскага і Брацлаўскага УПЦ Маскоўскага патрыярхату Янафана (Анатолія Ялецкіх). 23 чэрвеня ён нечакана зьявіўся на набажэнстве напярэдадні сьвята Сьвятога Духу ў Менску ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы разам зь беларускім экзархам Веньямінам.

Мітрапаліт Тульчынскі і Брацлаўскі Янафан з Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату быў асуджаны ва Ўкраіне ў жніўні 2023 году за апраўданьне расейскай агрэсіі на 5 гадоў зьняволеньня. Паводле сьледзтва, ён распаўсюджваў сярод вернікаў прарасейскія ўлёткі і разьмясьціў на сайце япархіі артыкул, у якім заяўляў пра вяршэнства Маскоўскага патрыярхату.

  • 28 чэрвеня Ўкраіна вярнула з расейскага палону 10 чалавек. Сярод іх пяць грамадзянаў Украіны, арыштаваных на тэрыторыі Беларусі: Мікалай Швец, Натальля Захаранка, Павал Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава.
  • Мікалая Швеца затрымалі ў сакавіку 2023 году ў справе аб падрыве расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Паводле КДБ, ён нібыта спрабаваў учыніць тэракт па заданьні СБУ. Прапагандысты дзяржаўнай тэлевізіі называлі Швяца асноўным выканаўцам «тэракту», нібыта ён і падарваў самалёт. Яму закідалі супрацоўніцтва са Службай бясьпекі Ўкраіны.
  • Дывэрсія ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы пад Менскам адбылася 26 лютага 2023 году. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў падарвалі і вывелі са строю расейскі самалёт далёкай выведкі ДРЛВ-50. Мяркуецца, што яго выкарыстоўвалі для навядзеньня расейскіх ракет на цэлі ва Ўкраіне.
  • КДБ арганізаваў апэрацыю, каб выкрыць «дывэрсантаў». Пад «зачыстку» трапілі сама меней 614 чалавек, паводле праваабаронцаў «Вясны». У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазьней адпусьцілі. У сакавіку 2023 году КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Абвінавачаным пагражае сьмяротнае пакараньне.
  • У ліпені 2023 году кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў заявіў, што падрыў самалёта быў «сумеснай апэрацыяй ByPol і СБУ». У сакавіку 2024 году сам кіраўнік Службы бясьпекі Украіны Васіль Малюк прызнаў дачыненьне ведамства да атакі на самалёт А-50 у Мачулішчах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG