Парлямэнт Латвіі прыняў папраўкі да Закона аб нацыянальнай бясьпецы, якія забараняюць беларусам і расейцам працаваць на абʼектах крытычнай інфраструктуры, піша Delfi.
Як піша выданьне, да абʼектаў крытычнай інфраструктуры адносяцца абʼекты, якія выконваююць значную ролю ў рэалізацыі важных грамадзкіх функцый, а таксама ў забесьпячэньні аховы здароўя, бясьпекі, эканамічнага або сацыяльнага дабрабыту людзей.
Беларусаў і расейцаў не дапусьцяць да працы на такіх абʼектах, калі іх занятасьць будзе ўключаць доступ да інфармацыі або тэхналягічнага абсталяваньня, значным для функцыянаваньня інфраструктуры.
Папраўкі таксама забараняюць беларусам і расейцам «займаць пасады ў структурах крытычнай інфраструктуры і кіраваньня асабліва значнай у эўрапейскім маштабе крытычнай інфраструктурай».
Раней стала вядома, што ўлады Латвіі выступілі за забарону паездак у Беларусь і Расею для тых, хто працуе ў дзяржаўнай адміністрацыі, дэпутатаў Саэймы і супрацоўнікаў парлямэнту.
Апрача таго грамадзяне Беларусі і Расеі, якія ўяжджаюць у Латвію з краін Шэнгенскай зоны, павінны будуць запоўніць адмысловую заяву пра знаходжаньне ў краіне. Гэта прадугледжана правілам, якое распрацоўвае Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі, заявіў у этэры латвійскай тэлевізіі міністар унутраных справаў краіны Рыхардc Козлаўскіс, піша Lsm.lv.