Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел у Алімпіядзе пацьвердзілі шасьцёра спартоўцаў зь Беларусі, пяцёра адмовіліся


Афіцыйныя алімпійскія талісманы Летніх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы, Францыя. Ілюстрацыйнае фота
Афіцыйныя алімпійскія талісманы Летніх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы, Францыя. Ілюстрацыйнае фота

Шэсьць індывідуальных нэўтральных спартоўцаў з Беларусі, дапушчаных да Алімпійскіх гульняў у Парыжы, па стане на 27 чэрвеня 2024 году пацьвердзілі свой удзел у Алімпіядзе, вынікае з актуальнай інфармацыі на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).

У прыватнасьці, прынялі запрашэньне ўдзельнічаць Ганна Церах (шашэйныя велагонкі), Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка) і Абукабар Хаслаханаў (барацьба).

Адмовіліся ад удзелу Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзьмітры Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысьціна Сазыкіна (усе – барацьба).

Не далі на гэты момант адказу весьляры Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч, стралкі Дар'я Чупрыс і Аляксандра Пятрова, тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.

Чакаецца рашэньне аб допуску на Гульні беларускіх прадстаўнікоў тэквандо (адна мужчынская ліцэнзія) і сучаснага пяціборства (дзьве жаночыя ліцэнзіі).

15 чэрвеня Міжнародны алімпійскі камітэт МАК паведаміў аб допуску да Алімпіяды 11 беларускіх спартоўцаў у нэўтральным статусе.

Адзначалася, што ўсе яны ўхвалены нэўтральнай групай па праверцы адпаведнасьці спартоўцаў кваліфікацыйным патрабаваньням (AINERP), якую МАК заснаваў у сакавіку гэтага году.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ў заяве 17 чэрвеня выказаў «неразуменьне і абурэньне» наконт складу спартоўцаў, дапушчаных да Алімпіяды.

«Зь невытлумачальных прычынаў не дапушчаны да ўдзелу тыя атлеты, якія пасьпяхова прайшлі праверкі, удзельнічалі ў кваліфікацыйных спаборніцтвах і змаглі выйграць ліцэнзіі», – гаварылася ў паведамленьні.

«НАК Беларусі працягне перамовы з МАК і будзе змагацца індывідуальна за кожнага спартоўца – за яго права выступіць на Гульнях, – адзначалася ў заяве. – Канчатковае рашэньне наконт таго, хто паедзе на Алімпіяду, будзе прынята НАК сумесна з фэдэрацыямі па відах спорту, а таксама спартоўцаў».

Пры гэтым, удакладнілі ў арганізацыі, «адзін з асноўных абʼектыўных прынцыпаў: павінны выступаць толькі тыя, хто змог заваяваць ліцэнзію на Гульні ў жорсткіх, абмежаваных і дыскрымінацыйных умовах, якія склаліся ў сусьветным спорце на сёньняшні дзень».

У сваёй заяве НАК Беларусі выказваў незадаволенасьць менавіта складам барцоў, у якім не аказалася наймацнейшых і тытуляваных атлетаў, якія раней заваявалі алімпійскія ліцэнзіі.

Сярод дапушчаных да Алімпіяды адсутнічалі Магамедхабіб Кадзімагамедаў, Аляксандар Гуштын, Павал Глінчук, Вераніка Іванова, Ванэса Каладзінская, Ірына Курачкіна, Арыян Цютрын, Дзяніс Храмянкоў.

Спартыўны партал by.tribuna.com 15 чэрвеня зьвярнуў увагу на прыналежнасьць Глінчук і Івановай да спорткамітэту Мінабароны, Кадзімагамедава і Каладзінскай – да спартовага таварыства «Дынама», якім апякуецца МУС, Гуштын у 2019 годзе ўдзельнічаў у Сусьветных вайсковых гульнях.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня – 11 жніўня 2024 году.

28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынята да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі за яго пашпарт».

28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

З аналягічнымі ўмовамі 8 сьнежня МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў АІ-2024 у нэўтральным статусе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG