Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАК назваў імёны беларускіх спартоўцаў, якіх дапусьцілі да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы


Міжнародны алімпійскі камітэт 15 чэрвеня апублікаваў першую частку пераліку беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якіх афіцыйна дапусьцілі да ўдзелу ў Гульнях-2024 у Парыжы. Яны будуць выступаць у якасьці індывідуальных нэўтральных атлетаў.

У першую рэдакцыю сьпісу МАК увайшлі 11 беларускіх спартоўцаў:

  • раварыстка Ганна Церах,
  • прадстаўнікі скачкоў на батуце Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская,
  • цяжкаатлеты Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў,
  • барцы Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Абубакар Хаслаханаў, Дзьмітры Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысьціна Сазыкіна.

Сьпіс яшчэ будзе абнаўляцца згодна з рашэньнямі Камісіі па праверцы правамоцнасьці допуску індывідуальных нэўтральных атлетаў, указваецца ў паведамленьні МАК.

Афіцыйны дазвол ад МАК на выступы ў Парыжы таксама атрымалі 14 расейскіх спартоўцаў.

Удзел беларусаў у Алімпіядзе

  • Спартоўцы зь Беларусі атрымалі каля 30 алімпійскіх ліцэнзій. У выпадку допускую да ўдзелу яны будуць выступаць на Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе: ня будзе паднімацца дзяржаўны сьцяг і выконвацца гімн. Гэта абумоўлена саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі Расеі супраць Украіны.
  • У сьнежні 2023 году МАК пастанавіў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць удзельнічаць у Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным сьцягам, і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба раней заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.
  • У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта МАК Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек.
  • Нядаўна стала вядома, што арганізатары Алімпіяды масава адмаўляюць беларускім і расейскім валянтэрам, якія падалі заяўкі на працу на Алімпіядзе.
  • Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG