Урадавае інфармацыйнае агенцтва Беларусі БелТА паведаміла, што пасьля перамоваў Лаўрова зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам бакі прынялі дзьве сумесныя заявы.
У адной заяве міністры «рашуча асудзілі дзеяньні Захаду ў эскаляцыі ваенна-палітычнай сытуацыі ў Эўропе» і традыцыйна асудзілі санкцыі Захаду, уведзеныя адносна Расеі за агрэсію супраць Украіны і адносна Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі. Міністры заявілі, што сумеснымі намаганьнямі будуць змагацца з «нэакаляніяльнымі практыкамі, антыбеларускім і антырасейскімі аднабаковымі абмежавальнымі мерамі і спробамі навязаць трэцім краінам захаваньне нелегітымных рэстрыкцый».
У другой заяве, «Аб замежнапалітычных задачах саюзнай інтэграцыі», міністры напісалі, што «ў далейшым будуць забясьпечваць усебаковую замежнапалітычную падтрымку саюзнай інтэграцыі і ўмацаваньне пазыцый саюзнай дзяржавы на міжнароднай арэне».
У гэтай заяве таксама сьцьвярджаецца, што «Менск і Масква працягваюць зладжана супрацьстаяць вонкавым пагрозам бясьпецы, крыніцамі якіх выступае шэраг недружалюбных дзяржаў».
Па выніках перамоваў Сяргей Лаўроў заявіў, што напад NATO на Беларусь будзе пераходам за небясьпечную рысу.
«Я нават не хачу разважаць на тэму такіх панурых, змрочных сцэнарыяў. Усё, што мы робім разам... павінна быць пачутае на Захадзе. І мы вельмі спадзяёмся, што пакінутая там хай невялікая колькасьць разважнай эліты, людзі, у якіх ёсьць інстынкт самазахаваньня, зробяць правільныя высновы і ня будуць пераступаць самую небясьпечную рысу», — сказаў Лаўроў.
Таксама ён заявіў, што дзеяньні Захаду прывялі да канчатковага краху сыстэмы бясьпекі ў Эўропе, і што тактычная ядзерная зброя ў Беларусі надзейна прыкрывае заходнія межы саюзнай дзяржавы.
У сваю чаргу Сяргей Алейнік сказаў, што Беларусь і Расея ўзмоцняць узаемадзеяньне ў сфэры гістарычнай памяці з акцэнтам на патрыятычнае выхаваньне моладзі.
Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.
Форум