У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» былы кандыдат у прэзыдэнты (2006) Аляксандар Мілінкевіч падзяліўся сваімі развагамі наконт першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. На той момант Мілінкевіч працаваў намесьнікам кіраўніка гарвыканкаму Горадні.
Публікуем урывак з інтэрвію Мілінкевіча.
— Калі кандыдаты прыяжджалі ў Горадню, можна было сачыць за тым, колькі людзей яны зьбіралі на свае выбарчыя сходы. Можа падацца, што папуліст Лукашэнка зьбіраў больш за іншых. Не. На першым месцы быў Станіслаў Шушкевіч. Поўныя залі!
Калі Пазьняк выступіў у Горадні, то мы з уплывовымі гарадзенцамі падышлі да Пазьняка і сказалі, што яму варта зьняцца на карысьць Шушкевіча, бо «мы адчуваем, што нават на Горадзеншчыне вам ня ўдасца выйграць. Шушкевіч мае большыя шанцы».
[У выніку ў першым туры выбараў Станіслаў Шушкевіч набраў 9,9%, Зянон Пазьняк — 12,8%. – РC]
Грамадзтва не было падрыхтаванае ў псыхалягічным пляне, каб пагадзіцца на радыкальнага чалавека. Словы Шушкевіча пра згоду — гэта было ў беларускім характары.
— Але менавіта ў Горадзенскай вобласьці Пазьняк набраў найбольш — і больш за Шушкевіча.
— Так, але выйграць па ўсёй краіне ён ня мог. Проста радыкалізм (я не кажу, што Пазьняк радыкальны, але так яго людзі ўспрымалі) ніколі ў беларусаў ня будзе папулярным. Яны хацелі такога Шушкевіча — мяккага, інтэлігентнага, які знойдзе паразуменьне і са старой уладай, і з новай, будзе рабіць ня жорсткія, але паступовыя рэформы.
І яшчэ адна рэч. Намэнклятура ўплывае на выбары нават без фальсыфікацый. У нас у Горадні большасьць чыноўнікаў не хацела, каб Кебіч перамог. Яны разумелі, што без рэформаў нельга».
Цалкам інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».
Форум