Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Ізраіля абвясьціў аб роспуску вайсковага кабінэту, створанага пасьля нападу ХАМАС


Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу
Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу

Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу абʼявіў аб роспуску вайсковага кабінэту міністраў, створанага пасьля нападу групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Пра гэта паведамляе выданьне The Times of Israel.

Рашэньне было прынята пасьля адстаўкі міністра Бэні Ганца, усьлед за якім з часовага ўраду выйшлі былы начальнік Генштабу Арміі абароны Ізраілю Гадзі Айзенкот (назіральнік) і дэпутат Кнэсэта Хілі Тропэр (міністар без партфэля).

Распад кааліцыі быў чаканы, піша выданьне, паколькі вельмі правы міністар нацыянальнай бясьпекі Ітамар Бэн-Гвір прасіў, каб яго ўключылі ў кабінэт вайны замест Ганца.

Найважнейшыя рашэньні аб вайне, як чакаецца, Нэтаньягу будзе прымаць на невялікіх спэцыяльных нарадах бяз Бэн-Гвіра, а канчатковага зацьвярджэньня будзе патрабаваць ад больш шырокага складу кабінэта бясьпекі.

Ганц заклікаў Нэтаньягу да восьмага чэрвеня выкласьці дакладны плян таго, што яго кабінэт зьбіраецца рабіць у Газе. Чакана не атрымаўшы адказу, міністар абʼявіў аб адстаўцы. У сваёй заяве ён даў зразумець, што выступае ў падтрымку прапанаванага раней прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам мірнага пляну, сказаўшы, што ставіць вяртаньне закладнікаў «вышэй за захаваньне ўлады». Ён таксама заклікаў да датэрміновых выбараў.

Біньямін Нэтаньягу, рэагуючы на адстаўку Ганца, заявіў: «Цяпер ня час кідаць бітву — зараз час абʼяднаць намаганьні». Ён зноў сказаў, што Ізраіль працягне вайну «да перамогі і дасягненьні ўсіх мэт», сярод якіх як вызваленьне закладнікаў, так і зьнішчэньне ХАМАС.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG