Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі мяняюцца правілы атрыманьня пэнсіяў і грашовай дапамогі. Каго гэта закране і што рабіць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 1 ліпеня 2024 году ў Беларусі мяняюцца правілы атрыманьня пэнсіяў і шэрагу іншых сацыяльных выплат — дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, а таксама дапамогі па догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА расказвае падрабязнасьці.

Што мяняецца

Паводле новых правілаў, выплаты пераводзяць з пошты ў банк. Раней яны былі даступныя да атрыманьня на пошце або дастаўляліся дадому, цяпер іх можна будзе атрымаць толькі ў банку.

Каго гэта закране

Пакуль зьмены датычацца толькі насельніцтва Менску, абласных гарадоў і раённых цэнтраў, прычым далёка ня ўсіх іх жыхароў. У гэтых населеных пунктах праз банк выплаты будуць атрымліваць пэнсіянэры да 70 гадоў, якія не зьяўляюцца інвалідамі І і ІІ групы, атрымальнікі дзіцячых дапамог (за выключэньнем інвалідаў І і ІІ групы, а таксама семʼяў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў), а таксама дапамог па догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Што трэба зрабіць, каб не застацца бяз пэнсіі ў ліпені

Таму, хто яшчэ не перавёў свае пэнсіі і іншыя сацыяльныя выплаты з пошты ў банк, трэба зрабіць гэта да 21 чэрвеня. Для гэтага трэба:

  1. Прыйсьці ў банк з пашпартам ці іншым дакумэнтам, які сьведчыць асобу і адкрыць там базавы рахунак, да якога можна цалкам бясплатна атрымаць банкаўскую аплатную карту.
  2. Запоўніць у банку заяву аб пералічэньні сацыяльных выплат у банк; гэты дакумэнт далей накіруюць у орган па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства заяўніка.

Сьпіс банкаў, у якіх можна адкрыць базавы рахунак: Беларусбанк, Прыёрбанк, Белаграпрамбанк, «Сбербанк», Белгазпрамбанк, Белінвестбанк, «Банк Дабрабыт», Белзьнешэканомбанк.

Хто зможа па-ранейшаму атрымліваць выплаты на пошце

Права выбару — па-ранейшаму карыстацца паслугамі пошты, у тым ліку з дастаўкай дадому, або атрымліваць грошы ў банку (у касе або па банкаўскай картцы) застаецца ў

  • пэнсіянэраў, старэйшыя за 70 гадоў,
  • інвалідаў I і II групы незалежна ад месца жыхарства,
  • атрымальнікаў дзіцячых дапамог: інвалідаў I і II групы і семʼяў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў, — незалежна ад месца жыхарства,
  • атрымальнікаў дзіцячых дапамог і дапамог па доглядзе, якія жывуць на вёсцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG