Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На польска-беларускай мяжы пашкодзілі вайсковы аўтамабіль. Жыхароў Польшчы просяць паведамляць пра падазроных людзей ля мяжы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік

На польска-беларускай мяжы, у раёне Дубічаў Царкоўных была пашкоджаная вайсковая машына хуткай дапамогі, паведаміў 15 чэрвеня Генштаб Узброеных сіл Польшчы.

Аўтамабіль быў пашкоджаны цяжкім прадметам, які кінуў невядомы з тэрыторыі Беларусі. На шчасьце, ніхто не пацярпеў, паведамляе ведамства.

У паведамленьні Генштабу Ўзброеных сіл Польшчы адзначаецца, што вайскоўцам, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу, «кожны дзень даводзіцца сутыкацца з агрэсіяй».

Тым часам улады Польшчы заклікалі жыхароў паведамляць пра падазроных асобаў каля мяжы зь Беларусьсю, вынікае з інфармацыі Ўрадавага цэнтру бясьпекі на партале gov.pl.

«Увага: знаходжаньне ў буфэрнай зоне, якая прылягае да мяжы зь Беларусьсю, забароненае. Выконвайце ўказаньні службаў. Будзьце пільныя і паведамляйце пра падазроных асобаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Абвестку з аналягічным зьместам разаслалі абанэнтам мабільнай сувязі, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці ад буфэрнай зоны (частка Падляскага і Люблінскага ваяводзтваў), паведамляе «Позірк».

МУС Польшчы 15 чэрвеня паведаміла, што інструктары аддзелу па барацьбе зь беспарадкамі паліцыі Падляшша правялі трэніроўку для вайскоўцаў і памежнікаў па «тактыцы дзеяньняў кампактных падразьдзяленьняў». «Падчас вучэньняў таксама абмяркоўваліся патэнцыйныя пагрозы на польска-беларускай мяжы», — адзначыла ведамства.

  • Апошнім часам на польска-беларускай мяжы адбылося некалькі інцыдэнтаў, падчас якіх былі параненыя польскія памежнікі і вайскоўцы.
  • Так, 28 траўня на беларуска-польскай мяжы адбыліся адразу тры напады на супрацоўнікаў польскай Памежнай службы: дваіх ударылі нажом, яшчэ аднаго — разьбітай бутэлькай. У гэты ж дзень мігрант нажом параніў польскага вайскоўца, 6 чэрвеня ён памёр. 31 траўня яшчэ двое польскіх жаўнераў атрымалі раненьні пры сутыкненьні зь мігрантамі на мяжы зь Беларусьсю. 4 чэрвеня польскі памежнік атрымаў пералом асновы чэрапа.
  • Пасьля гэтых інцыдэнтаў Польшча ўвяла 200-мэтровую буфэрную зону на беларускай мяжы. Абмежаваньне ўводзіцца на 90 дзён і ахоплівае ўчастак працягласьцю каля 60,67 км, разьмешчаны ў межах тэрыторыі памежных пастоў у Нараўцы, Белавежы, Дубічах Царкоўных і Чаромсе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG