Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Менску адрэгавалі на сьмерць польскага памежніка пасьля нападу мігранта з нажом: «Залішняя палітызацыя»


На польска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
На польска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Польскага жаўнера нажом паранілі іншаземцы, якія спрабавалі незаконна перайсьці мяжу з боку Беларусі, ад чаго ён памёр у шпіталі.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі выступіў з заявай наконт гібелі польскага вайскоўца на польска-беларускай мяжы, паведаміла :

«Беларускі бок адмоўна ставіцца да любых праяў агрэсіі і гвалту ў адносінах да вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу, і заўсёды выказваў гатоўнасьць да адкрытага і канструктыўнага дыялёгу для пошуку адэкватных рашэньняў. Выпадак гібелі польскага вайскоўца не выключэньне.

Разам з тым па лініі памежнапрадстаўніцкай дзейнасьці ў адрас Дзяржаўнага памежнага камітэту зьмястоўных зыходных даных і неабходнай інфармацыі аб здарэньні не паступіла. Але мы працягваем выступаць за спыненьне трагедый на агульнай мяжы, якая павінна быць месцам цывілізаванага супрацоўніцтва ў духу няўхільнага захаваньня міжнародных дамоваў і правоў чалавека.

У выпадку атрыманьня канкрэтных вестак аб абставінах трагедыі памежная служба Рэспублікі Беларусь гатовая правесьці як аднабаковае, так і двухбаковае расьсьледаванае інцыдэнту».

6 чэрвеня ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы паведамілі аб выкліку часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценкі для ўручэньня ноты ў сувязі «з трагічнымі падзеямі на польска-беларускай мяжы, якія прывялі да гібелі польскага вайскоўца».

«Польшча рашуча патрабуе спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізаваць міграцыйны рух. У сувязі з тым, што злачынства адбылося на польскім баку мяжы, а таксама ў сувязі з расьсьледаваньнем, якое вядзе пракуратура, Міністэрства замежных спраў таксама патрабуе высьвятленьня асобы і выдачы падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Польшчы.

МЗС Беларусі пра патрабаваньні Польшчы: «Залішняя палітызацыя цалкам канкрэтнага пытаньня»

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз падкрэсьліў, што трэба аднаўленьне нармальных памежных кантактаў, каб «такія трагедыі не адбываліся».

«Беларусь гатова і да аднаўленьня ўзаемадзеяньня ў праваахоўнай сфэры, аднак гэта вуліца, як вядома, з двухбаковым рухам. Таму аднаўляць такое ўзаемадзеяньне можна толькі ў поўным аб’ёме.

Без гэтага такія публічныя ноты — гэта не спосаб сыстэмна вырашыць праблему, а залішняя палітызацыя цалкам канкрэтнага пытаньня, спроба апраўдацца перад уласнай грамадзкай думкай і перакласьці адказнасьць», — заявіў Глаз.

6 чэрвеня стала вядома, што паранены нажом 28 траўня каля беларускай мяжы польскі жаўнер, які пэўны час знаходзіўся ў стане клінічнай сьмерці, памёр у Вайсковым мэдычным інстытуце.

Іншаземцы, якія спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі, паранілі польскага жаўнера ў канцы траўня на мяжы пад Белавежай нажом, прымацаваным да галіны дрэва,

28 траўня каля памежнай заставы ў Дубічах Царкоўных адбыўся напад на польскіх жаўнераў у форме. У штурме ўдзельнічалі каля 50 іншаземцаў. Яны штурмавалі памежную агароджу, кідалі камяні і галіны дрэваў у польскіх памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама выкарыстоўвалі вострыя прылады, прымацаваныя да галінаў. Адзін зь іх ударыў такім нажом вайскоўца, калі той спрабаваў перакрыць пралом у сталёвай агароджы.

  • Агулам пра напады мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў паведамлялі 28 і 31 траўня, а таксама 3 чэрвеня.
  • Як паведамлялі польскія СМІ, у польскага памежніка, параненага на мяжы зь Беларусьсю 3 чэрвеня, дактары дыягнаставалі пералом асновы чэрапа, таксама ў мужчыны была пашкоджаная вачніца, існавала рызыка, што «вока ня ўдасца ўратаваць». Стан памежніка мэдыкі ацэньвалі як цяжкі.
  • 29 траўня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск пабываў ля мяжы зь Беларусьсю ў Дубічах Царкоўных (Падляскае ваяводзтва) і заявіў пра пляны аднавіць 200-мэтровую буфэрную зону каля мяжы зь Беларусьсю.
  • 1 чэрвеня віцэ-прэмʼер Польшчы — міністар нацыянальнай абароны Ўладыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю адновяць 4 чэрвеня. Аднак 3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк паведаміў, што вяртаньне буфэрнай зоны будзе перанесена на пазьнейшы тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG