Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Выхад Армэніі з АДКБ фармалізуе фактычны статус-кво


Дзяржаўныя сьцягі краін — удзельніц АДКБ. Ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўныя сьцягі краін — удзельніц АДКБ. Ілюстрацыйнае фота

У лютым 2024 году прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян прызнаў, што Армэнія, па сутнасьці, замарозіла свой удзел у арганізацыі.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што афіцыйны выхад Армэніі з Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) толькі фармалізуе фактычны статус-кво, паколькі краіна пэўны час ужо ня ўдзельнічае ў мерапрыемствах і сустрэчах арганізацыі.

«Выхад Армэніі з АДКБ у значнай ступені фармалізаваў бы фактычны статус-кво, улічваючы, што Армэнія фактычна ўстрымалася ад удзелу ў АДКБ, паколькі Пашыньян і прадстаўнікі Армэніі не прысутнічалі на некалькіх мерапрыемствах АДКБ запар, пачынаючы зь сярэдзіны і канца 2023 году. Афіцыйны выхад Армэніі з АДКБ стаў бы больш значным ударам па Расеі, паколькі яна выкарыстоўвала АДКБ для падрыву сувэрэнітэту постсавецкіх дзяржаў і распаўсюду кантролю на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту ад 12 чэрвеня.

Экспэрты нагадалі, што ў лютым 2024 году прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян прызнаў, што Армэнія, па сутнасьці, замарозіла свой удзел у арганізацыі, бо тая «ня выканала сваіх абавязаньняў у галіне бясьпекі» перад Армэніяй, асабліва ў 2021 і 2022 гадах. У сакавіку 2024 году Нікол Пашыньян заявіў, што расейскія памежнікі пакінуць міжнародны аэрапорт Ерэвана да 1 жніўня 2024 году.

12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ. Пры гэтым канкрэтных тэрмінаў выхаду ён не назваў. «Мы самі вырашым, калі выйдзем», — дадаў ён.

Пазьней міністар замежных спраў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў у парлямэнце, што словы Пашыньяна няправільна інтэрпрэтавалі. «Прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад ня вернемся. Калі нехта сьцьвярджае, што прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што Армэнія выходзіць з АДКБ, то памыляецца», — сказаў Мірзаян.

На той жа сустрэчы Нікол Пашыньян заявіў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.

«Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджану. І пасьля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць?» — працытавала Пашыньяна армянскае агенцтва news.am. Пры гэтым ён дапусьціў кантакты ў межах СНД і ЭАЭС.

«Канстатую, што з гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. І ўвогуле заяўляю, што з гэтага моманту ніводзін афіцыйны прадстаўнік Армэніі не паедзе ў Беларусь. Наагул», — паабяцаў прэм’ер Армэніі.

Гэтыя выказваньні Нікола Пашыньяна выклікалі дыпляматычны крызіс між Беларусьсю і Армэніяй — абодва бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG