Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на «працяг канструктыўнага дыялёгу» з Армэніяй па «шырокім спэктры пытаньняў як у двухбаковым фармаце, так і на міжнародных і інтэграцыйных пляцоўках», вынікае зь яго віншаваньня армянскаму прэм’ер-міністру Ніколу Пашыняну з днём народзінаў.
«Вы дасьведчаны палітык і ня раз у шматгадовай карʼеры пераконваліся, што самы дакладны компас у міжнародных адносінах — народная дыпламатыя. А яна заўсёды беспамылкова паказвала нам курс на збліжэньне і супрацоўніцтва. Калі пойдзем гэтым шляхам, калі будзем прытрымлівацца шматвяковых традыцыяў слаўных продкаў, дык разам зможам дасягнуць значна большага», — гаворыцца ў віншаваньні Лукашэнкі на адрас Пашыняна.
На думку Лукашэнкі, «напрацоўкі ў гандлі, прамысловасьці і гуманітарнай сфэры пры садзейнічаньні на вышэйшым узроўні адкрыюць для Менска і Ерэвану дадатковыя гарызонты магчымасьцяў».
- 23 траўня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, выступаючы ў парлямэнце краіны, заявіў, што «як мінімум дзьве краіны АДКБ (...) удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны» супраць Армэніі, хоць і «стварылі імітацыю таго, што дапамагаюць нам». Пашыньян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтаю 44-дзённай вайны было спыненьне існаваньня Армэніі».
- Арменія, якая падтрымлівае Нагорны Карабах, раскрытыкавала АДКБ (у гэты вайсковы-палітычны блёк уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан) за брак падтрыманьня ў вайне з Азэрбайджанам і фактычна згарнула ўдзел у дзейнасьці арганізацыі.
- 14 траўня Пашынян заявіў, што яго краіна «фармальна ёсьць сябрам АДКБ», але яе ўдзел у дзейнасьці блёку замарожаны, а магчымасьць выхаду Армэніі з АДКБ — «тэма для далейшага абмеркаваньня». Таксама ў у Ерэване сталі абмяркоўваць пэрспэктывы эўраінтэграцыі.
- Афіцыйны Менск актыўна наладжвае адносіны з Азэрбайджанам. 17 траўня ў рамках візыту ў гэтую дзяржаву Лукашэнка наведаў Нагорны Карабах. 16 траўня падчас перамоваў у Баку ён прапанаваў Аліеву спрыяньне ў пасьляваенным аднаўленьні тэрыторыяў Нагорнага Карабаху.
- Вытрымаць балянс у стасунках з Азэрбайджанам і Армэніяй у беларускага кіраўніцтва ня вельмі атрымліваецца. Адносіны ў Менску з Баку былі і застаюцца лепшымі, чым зь Ерэванам, адзначае аналітык Валер Карбалевіч.
Форум