Дата дня
14 чэрвеня 1919 пачалося Браслаўска-Дзісенскае паўстаньне супраць бальшавіцкіх уладаў. Асаблівую незадаволенасьць сялянства двух паветаў выклікала палітыка ваеннага камунізму і харчпадатку, а таксама мабілізацыя мужчынскага насельніцтва ад 16 да 43 гадоў, праведзеная бальшавікамі.
Паўстаньне пачалося ў Германовічах на Дзісеншчыне. Ксёндз Міхал Буклярэвіч заклікаў людзей браць зброю. Мясцовыя маладзёны адразу раззброілі прысутных там бальшавіцкіх вайскоўцаў. Вялікі ўплыў у паўстаньні мелі беларускія эсэры. Неўзабаве арыштавалі бальшавіцкіх дзеячоў у Мёрах, бальшавіцкага камісара расстралялі.
Паўстанцы ўзялі некалькі вёсак. Але затым бальшавікі пачалі іх адваёўваць. 26 чэрвеня ксяндза Буклярэвіча і ягоную сястру Аліцыю забілі каля Бігосава. Да канца месяца паўстаньне здушылі. Адбылася зьмена павятовых кіраўнікоў, але агульную палітыку ваеннага камунізму гэта не зьмяніла.
Дзень у гісторыі
1634 — Палянаўскі мір. Мірная дамова паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай, якая закончыла Смаленскую вайну 1632–1634 гг.
1792 — Барысаў атрымаў ад уладаў Расеі новы герб.
1905 — пачалося паўстаньне каманды расейскага браняносца «Пацёмкін» на Чорным моры, адна са знакавых падзеяў рэвалюцыі 1905–1907 гадоў у Расеі.
1906 — у Беластоку адбыўся пагром габрэяў. Загінулі 89 чалавек.
1937 — у Маскве арыштаваны Мікалай Галадзед, старшыня Савету народных камісараў БССР. Пасьля арышту ў Маскве яго скіравалі ў Менск, дзе ў часе допыту ў будынку НКВД Галадзед выкінуўся з акна 5-га паверху.
1938 — заснаваны Беларускі дзяржаўны тэатар лялек.
1941 — савецкія войскі пачалі масавую дэпартацыю грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі ў аддаленыя расейскія рэгіёны.
1982 — перамога Брытаніі над Аргентынаю ў вайне за Фолклэнды.
1995 — тэрарыстычная група Шаміля Басаева захапіла ў закладнікі каля 1600 чалавек у шпіталі расейскага гораду Будзёнаўску.
2015 — катастрофа Іл-103 пад Берасьцем, два чалавекі загінулі.
У гэты дзень нарадзіліся
1867 — Мітрафан Доўнар-Запольскі, нарадзіўся ў Рэчыцы, гісторык, этнограф і фальклярыст, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі.
1894 — Ян Гамарнік, кіраўнік БССР (1928–1929).
1896 — Пётра Татарыновіч, каталіцкі сьвятар, журналіст, перакладнік, першы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
1900 — Міхась Забэйда-Суміцкі — беларускі опэрны сьпявак і музычны пэдагог, саліст La Scala (Мілян), выканаўца беларускіх народных песень. Папулярызаваў беларускую народную песьню ў сьвеце.
1928 — Чэ Гевара, аргентынскі рэвалюцыянэр, адна з цэнтральных фігураў Кубінскай рэвалюцыі.
1931 — Ігар Сарокін, беларускі опэрны сьпявак, народны артыст Беларусі.
1946 — Дональд Трамп, 45-ы прэзыдэнт ЗША.
У памяці
1903 — Ян Карловіч, лінгвіст, этнограф, фальклярыст і музыказнаўца.
1920 — Макс Вэбэр, нямецкі сацыёляг, эканаміст, юрыст.
1936 — Гільбэрт Кійт Чэстэртан, брытанскі пісьменьнік і журналіст.
1986 — Хорхэ Люіс Борхэс, аргентынскі празаік, паэт і публіцыст.