На таргі на сайце «БелЮрЗабесьпячэньня» паўторна выставілі частку адміністрацыйнага памяшканьня ў Менску, якая належыць палітзьняволенаму праваабаронцу «Вясны» Валянціну Стэфановічу. Зь першай спробы яе прадаць не ўдалося.
Арыштаваную сьледзтвам 1/7 долі адміністрацыйнага памяшканьня па вуліцы Ложынскай, 16 у Менску, якая лічыцца за сябрам рады «Вясны», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцінам Стэфановічам, упершыню выстаўлялі на аўкцыён сёлета ў красавіку. Аўкцыён не адбыўся — ахвотных купіць маёмасьць не знайшлося.
Цяпер аб’ект выставілі на продаж паўторна, пачатковую цану зьнізілі з 33 300 рублёў (падчас першага аўкцыёну) да 26 640 рублёў. Калі на аўкцыён зарэгіструюцца ўдзельнікі, таргі пройдуць 25 чэрвеня.
Паводле «Вясны», памяшканьне на вуліцы Ложынскай належыць сямі чальцам праваабарончай арганізацыі, раней яго выкарыстоўвалі для правядзеньня бясплатных івэнтаў — лекцыяў, дыскусіяў, выставаў. Агульная плошча памяшканьня — 92,1 кв. м.
Раней з аўкцыёну прадалі аўтамабіль Стэфановіча — Citroen C4 Picasso 2016 году выпуску, піша «Люстэрка». Яго таксама двойчы выстаўлялі на аўкцыён: у сьнежні 2023 году (тады аўкцыён не адбыўся, бо не знайшлося ўдзельнікаў) і ў лютым 2024 году. Урэшце прадалі за 42 000 рублёў.
- Сябру праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня 2021 году. Яго асудзілі паводле арт. 228 КК Беларусі («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК Беларусі («Фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») на 9 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- 23 жніўня 2023 году МУС Беларусі прызнала праваабарончы цэнтар «Вясна» «экстрэмісцкім фармаваньнем». У міністэрстве лічаць, што арганізацыя займалася дзейнасьцю «па падрыхтоўцы замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь», а таксама дыскрэдытавала службовых асобаў.
- 23 красавіка з аўкцыёну за 145 390 рублёў прадалі двухпакаёвую кватэру ў доме № 43 па вуліцы Тухачэўскага ў Менску, якая належыць юрысту праваабарончага цэнтру «Вясна» і каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімеру Лабковічу.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.
Форум