Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Вось чаму трэба есьці авакада


Авакада можа падтрымаць мікрабіём кішэчніку і кантраляваць узровень халестэрыну.

Многія чыталі і чулі, што авакада карыснае для здароўя. Але наколькі? Амэрыканская газэта The New York Times апублікавала агляд карысных якасьцяў авакада паводле найноўшых дасьледаваньняў навукоўцаў і дыетолягаў.

Авакада можа дапамагчы кантраляваць узровень халестэрыну

«Авакада — гэта незвычайная садавіна, кажа ў размове з газэтай прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту Фрэнк Гу. — Авакада багатае на пажыўныя рэчывы, зьмяшчае вельмі мала вугляводаў і вялікую колькасьць карысных тлушчаў і клятчаткі».

Самая вядомая карысная якасьць авакада зьвязана з наяўнасьцю ў ім карысных для сэрца тлушчаў, дадае дацэнт дыеталёгіі Тэхаскага ўнівэрсытэту Элізабэт Клінгбэйл. Большасьць тлушчаў у авакада зьяўляюцца монаненасычанымі — гэта адрозьнівае іх ад насычаных тлушчаў зь мяса і малочных прадуктаў.

«Насычаныя тлушчы могуць закаркаваць крывяносныя судзіны і павялічыць рызыку сардэчных хваробаў», — кажа доктарка Клінгбэйл.

Насычаныя тлушчы мэдыкі называюць ліпапратэінамі нізкай шчыльнасьц (ЛПНШ) або «дрэнным» халестэрынам, менавіта ён лічыцца асноўнай прычынай інфарктаў ды інсультаў.

Ненасычаныя тлушчы, якіх шмат у аліўкавым алеі і авакада, здольныя зьмяншаць узровень халестэрыну ЛПНШ і дапамагаюць даўжэй захоўваць здароўе судзінаў.

У дасьледаваньні, у якім бралі ўдзел больш за 110 тысяч дарослых, старэйшых за 30 гадоў, прафэсар Фрэнк Гу і ягоныя калегі паказалі, што ў людзей, якія елі хаця б дзьве порцыі авакада на тыдзень, рызыка разьвіцьця ішэмічнай хваробы сэрца была на 21% ніжэйшай.

Каманда прафэсара Гу выкарыстоўвала статыстыку для ўліку і іншых фактараў, якія ўплываюць на здароўе сэрца. Але паколькі авакада зьяўляецца выдатнай заменай менш здаровай ежы, то дасьледаваньні могуць часткова адлюстроўваць перавагі ад адмовы ці ад скарачэньня спажываньня іншых прадуктаў, напрыклад выкарыстаньня авакада замест маянэзу ў бутэрбродах або дадаваньня туды большай колькасьці авакада і меншай колькасьці ялавічыны.

Паводле прафэсара Гу, людзі, якія ядуць авакада, у цэлым больш схільныя да здаровага харчаваньня і здаровага ладу жыцьця.

Авакада можа падтрымаць мікрабіём кішэчніку

Доктарка Клінгбэйл нагадвае, што ў авакада шмат клятчаткі, якая дапамагае падтрымліваць здаровую вагу і ўмацоўвае здароўе кішэчніка.

Падчас ператраўленьня клятчаткі кішэчныя бактэрыі выдзяляюць невялікія малекулы, якія называюцца постбіётыкамі. Гэтыя малекулы ўплываюць на агульны стан здароўя чалавека. Здаровыя бактэрыі таксама сыгналізуюць нашаму мозгу аб тым, што мы сытыя.

Доктар Гу кажа, што авакада можа дапамагчы чалавеку атрымаць штодзённую норму клятчаткі, а гэта важна, бо дасьледаваньні паказваюць, што большасьць людзей не спажываюць яе дастаткова.

Дзённая норма ў залежнасьці ад узросту і полу складае 21-38 грамаў клятчаткі. У адным авакада зьмяшчаецца каля 10 грамаў клятчаткі.

Авакада багатае на мікраэлемэнты

Па словах доктаркі Клінгбэйл, вітамін Е ў авакада падтрымлівае здароўе скуры.

Прафэсар Навукова-дасьледчага інстытуту харчаваньня ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны Марцін Кальмаер сьцьвярджае, што лютэін у авакада дапамагае захоўваць вастрыню зроку.

Важны і калій у гэтай вялікай зялёнай ягадзе. Звычайна высокую колькасьць гэтага мікраэлемэнту прыпісваюць бананам, але ў авакада яшчэ больш гэтага важнага мінэралу. Калій, сярод іншага, дапамагае арганізму зьніжаць высокі крывяны ціск.

Як авакада ўжываць

Ніводная ежа ня робіць нашу дыету здаровай ці нездаровай, кажуць дыетолягі.

Сапраўдную карысьць прыносіць ужываньне авакада ў складзе разнастайнай, збалянсаванай дыеты, напоўненай садавіной, гароднінай, цэльназерневымі прадуктамі і карыснымі бялкамі.

Таму трэба дадаваць авакада ў салаты, рабіць зь ім бутэрброды, выкарыстоўваць мус з авакада замест маянэзу і не забывацца пра тое, што, якой бы карыснай ні была ежа, важным фактарам здароўя зьяўляецца ня толькі яе якасьць, але і колькасьць. Будзьце стрыманымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG