Сьцісла:
- Нават у 2014 годзе, калі ўжо адбылася анэксія Расеяй Крыму, Пуціна запрашалі на ўрачыстасьці, прысьвечаныя 70-й гадавіне высадкі войскаў саюзьнікаў.
- Пуцін выступіў як прапагандыст, які хоча прадставіць Расею ў якасьці пакрыўджанага боку.
- Расейская прапаганда мае чыста прыкладное значэньне, яна імкнецца апраўдаць агрэсію супраць Украіны.
- Беларускі рэжым шукае ў гісторыі легітымізацыю.
— 6 чэрвеня ў Францыі адзначаецца 80-я гадавіна высадкі войскаў саюзьнікаў у Нармандыі, зь якой пачалося адкрыцьцё Заходняга фронту ў Эўропе ў Другой сусьветнай вайне. На ўрачыстасьці прыехалі кіраўнікі многіх заходніх краінаў, прадстаўнікоў Расеі на запрасілі. Між тым былі часы, у 1990-я і 2000-я, калі расейскіх кіраўнікоў запрашалі на такія ўрачыстасьці, а на Краснай плошчы ў Маскве на парадзе 9 траўня маршавалі амэрыканскія і брытанскія вайскоўцы. Калі расейская і заходняя трактоўка Другой сусьветнай вайны пачалі радыкальна разыходзіцца?
— Трэба нагадаць, што гэтыя трактоўкі разышліся адразу пасьля 1945 году, калі пачалася халодная вайна. Саюзьніцтва Захаду і СССР хутка скончылася, адпаведна, у кожнага боку было сваё бачаньне хады і вынікаў вайны. Пасьля пачатку перабудовы ў канцы 1980-х савецкая канцэпцыя была падкарэктаваная, зьявілася свабода прэсы, сталі вядомыя новыя факты, адносіны з Захадам усе 1990-я гады ў Расеі былі дастаткова добрыя.
Усё гэта пачало ламацца недзе зь сярэдзіны 2000-х, калі Крэмль на чале з Пуціным пачаў перагляд сваіх стасункаў са сьветам, узяў курс на аднаўленьне імпэрскіх амбіцыяў, сваёй ролі на тэрыторыі былога СССР. Найбольш вядомая вяха — Мюнхэнская прамова Пуціна ў 2007 годзе, потым — канфлікт з Грузіяй вакол Асэтыі, і, нарэшце, анэксія Крыму ў 2014 годзе.
Усё гэта назапашвалася паступова. І можна адзначыць, што нават у 2014 годзе, калі ўжо адбылася анэксія Крыму, Уладзімір Пуцін быў запрошаны ў 2014 годзе на ўрачыстасьці, прысьвечаныя 70-й гадавіне высадкі войскаў саюзьнікаў. І там яго асабліва жорстка не крытыкавалі.
— Як сьцьвярджаецца, Уінстан Чэрчыль сказаў, што «Расея — краіна зь непрадказальным мінулым». Кожная новая ўлада мяняе наратыў мінулага ў адпаведнасьці са сваім разуменьнем. У Расеі паварот да агрэсіўнай палітыкі, да вайны супраць суседзяў пачынаўся менавіта зь перагляду гістарычных канцэпцыяў. Ці можна сказаць, што яны пачалі «мяняць» мінулае, каб мяняць сучаснасьць і будучыню?
— Альтэрнатыўны погляд на Другую сусьветную вайны, адрозны ад заходняга, быў прыняты ў СССР, а пазьней яго пераняла і пуцінская Расея. Распад СССР не прывёў да распаду і замены гэтай канцэпцыі, паводле якой СССР унёс асноўную ролю ў перамогу, а саюзьнікі ня надта і дапамагалі.
Калі раней казалі, што памяць пра вайну павінна перадухіляць новыя войны, то з пэўнага моманту канцэпцыя стала працаваць на апраўданьне новых войнаў. Маўляў, мы ня проста такія вялікія, што самі перамаглі, але мы гатовыя перамагаць зноў: «можам паўтарыць». Рыторыка набыла відавочна агрэсіўны характар.
— Зараз у Расеі ўжо пануюць наратывы, якія нават немагчыма было ўявіць у савецкі час. Маўляў, СССР ваяваў адзін супраць «аб’яднанай Эўропы».
— Так, на афіцыйным узроўні, вядома, не адмаўляецца той гістарычны факт, што СССР, Вялікая Брытанія, ЗША і Францыя ды іншыя былі саюзьнікамі ў той вайне. Але расейскія шавіністы і прапагандысты ўжо ўсяляк перакручваюць гістарычныя факты, і ім ніхто не замінае. Усё гэта спушчана з ланцуга і часам ператвараецца ў відавочную фальсыфікацыю гісторыі.
— 5 чэрвеня Ўладзімір Пуцін даволі падрабязна падчас прэсавай канфэрэнцыі расказваў пра тое, чаму расейцаў не запрасілі ў Нармандыю, якое значэньне меў другі фронт, якія былі страты. Гэта не гучала ў надта агрэсіўнай манеры. Можа, ён выкарыстаў гэтую нагоду, каб з палітычных мэтаў падкрэсьліць нешта агульнае з Захадам, каб паказаць, што зь ім можна супрацоўнічаць?
— Пуцін тут выступіў хутчэй як прапагандыст, ён хоча прадставіць Расею ў якасьці пакрыўджанага, памяркоўнага боку, пазыцыя якога не знаходзіць разуменьня. Маўляў, іншыя сілы крыўдзяць Расею, і за гэта Расея вымушаная рэагаваць, нападаць на Ўкраіну. Ня першы раз у розных аспэктах Пуцін спрабуе паказаць сваю нібыта «канструктыўнасьць».
— Расейская прапаганда любіць разьвіваць тэму нэанацыстаў ва Ўкраіне, выкарыстоўваючы яе як прамую нагоду для нападу, для захопу іншай краіны.
— Як у любой сёньняшняй дзяржаве, ва Ўкраіне ёсьць палітычныя сілы, якія вызнаюць погляды, якія можна назваць нэанацысцкімі. Яны вельмі маргінальныя і ніколі не займалі прыкметнага месца ў палітыцы, ніколі не былі блізкія да ўлады. Аднак расейская прапаганда пераносіць іх на ўсё ўкраінскае грамадзтва і прадстаўляе іх як асноўны кірунак у палітычным жыцьці. Гэта бессаромная прапаганда, якая займаецца падтасоўкамі і фальсыфікацыямі.
У Расеі такіх груповак з нэанацысцкімі поглядамі нашмат болей, і ўплыў іхні больш значны. Так што расейская прапаганда тут мае чыста прыкладное значэньне, яе мэта — апраўдаць агрэсію супраць Украіны. Падрыхтоўка да гэтага вялася гадамі.
— У Беларусі свая «асаблівасьць» апошніх гадоў у палітыцы гістарычнай памяці. Гэта тэма «генацыду беларускага народу», якая стала асновай дзяржаўнай ідэалёгіі. Для чаго гэта цяперашнім беларускім уладам, чаго яны дасягаюць?
— Стаўленьне да гісторыі Другой сусьветнай вайны з боку цяперашняга рэжыму зьвязанае з тым, што рэжым шукае сабе ў гісторыі легітымізацыю. Народ уладу не падтрымлівае, адрынуў яе на выбарах, і ўлада шукае прычыны таго, чаму менавіта яна павінна кіраваць краінай.
І шукае легітымнасьць у гісторыі. Маўляў, нам супрацьстаяць злыя сілы, якія зьвязаныя з нацызмам. І каб не дапусьціць іх да ўлады, трэба трымацца за цяперашні рэжым.
Гэтая зацыкленасьць на «генацыдзе беларускага народу» — ламаньне ў адчыненыя дзьверы. Бо ніхто і ніколі не адмаўляў таго, што нацысты нарабілі на тэрыторыі Беларусі шмат ваенных злачынстваў. Гэта прапагандысцкае біцьцё ў барабаны, каб прадставіць сябе ахвярамі, якія нібыта маюць асаблівыя правы на ўладу.
Форум