Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс Ціханоўскай заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у ААЭ. У чым прычына


Аэрапорт у Дубаі, ілюстрацыйнае фота
Аэрапорт у Дубаі, ілюстрацыйнае фота

Адмовіцца ад паездак у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ) заклікала беларусаў юрыдычная каманда офіса Сьвятланы Ціханоўскай. Наведваньне краіны можа быць небясьпечным у сувязі з падпісаньнем урадамі Беларусі і ААЭ пагадненьня аб «супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі і супрацьдзеяньня тэрарызму».

Як адзначаюць юрысты, згодна з дакладам праваабарончай арганізацыі Amnesty International, ААЭ «актыўна выкарыстоўваюць у нацыянальнай практыцы затрыманьні і арышты нязгодных грамадзян», а таксама «працягваюць трымаць палітвязьняў у турмах на падставе нацыянальнага рэпрэсіўнага закону», які дазваляе «бестэрміновае кансультаваньне ў пытаньнях барацьбы з экстрэмізмам».

Хоць падпісаны дакумэнт на цяперашні момант прадугледжвае толькі «абмен досьведам і інфармацыяй», нельга выключаць, што грамадзян Беларусі таксама могуць затрымаць у ААЭ «для кансультацый» і далей выдаць у Беларусь, бо ўлады Эміратаў актыўна карыстаюцца практыкай пошуку «ворагаў» за мяжой з наступнай дэпартацыяй на радзіму, адзначаюць юрысты Офісу.

Беларускія грамадзяне маюць права ўяжджаць або рухацца транзытам праз тэрыторыю ААЭ, а таксама знаходзіцца ў краіне бязь візы на працягу 90 дзён. «У нашым кантэксьце гэта можа азначаць, што ўлады Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў могуць „упусьціць“ вас у краіну і бяз вашай згоды, нават калі вы будзеце ў транзытнай зоне», — адзначаюць юрысты.

Адмовіцца ад паездак у ААЭ, на іх думку, варта ў выпадку рызыкі палітычна матываванага перасьледу на радзіме. Рэкамэндавана таксама не разглядаць аэрапорты ААЭ для транзытных перасадак.

  • 17 красавіка Палата прадстаўнікоў Беларусі прыняла праект закону «Аб ратыфікацыі Пагадненьня аб супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі і супрацьдзеяньня тэрарызму паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў». Дакумэнт прадугледжвае выкананьне адпаведных міждзяржаўных запытаў аб наданьні садзейнічаньня; абмен інфармацыяй аб учыненых або рыхтаваных злачынствах, а таксама прыняцьце мераў, неабходных для іх перадухіленьня; правядзеньне ўзгодненых мерапрыемстваў; абмен прававой і навуковай інфармацыяй; садзейнічаньне ў падрыхтоўцы і павышэньні кваліфікацыі кадраў.
  • З 2020 году вядома пра шэраг выпадкаў палітычнага перасьледу беларусаў, якіх на запыт Беларусі затрымлівалі за мяжой. Сярод іншага, вядомыя выпадкі затрыманьняў у Армэніі, Баўгарыі, Вугоршчыне, Італіі, Расеі, Сэрбіі і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG