Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўная партыя Грузіі ўнесла ў парлямэнт пакет законапраектаў, які абмяжоўвае правы ЛГБТ


ЛГБТ-прайд у Тбілісі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
ЛГБТ-прайд у Тбілісі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Да канца вясновай сэсіі парлямэнту Грузіі парлямэнцкая большасьць ад кіроўнай партыі «Грузінская мара» плянуе прыняць новы пакет законапраектаў, які сур'ёзна абмяжуе правы ЛГБТ.

Гаворка пра законапраект «Аб сямейных каштоўнасьцях і абароне непаўналетніх» і папраўкі яшчэ ў 18 законаў, паведамляе грузінская служба Радыё Свабода з спасылкай на сьпікера парлямэнту Шалву Папуашвілі.

Паводле яго, пакет законапраектаў, сярод іншага, прадугледжвае забарону на

  • «рэгістрацыю альтэрнатыўнага шлюбнага саюзу»;
  • усынаўленьне дзяцей і апеку над непаўналетнімі для аднаполых пар;
  • любыя мэдычныя маніпуляцыі па зьмене полу;
  • «ЛГБТ-прапаганду» ў сэктары адукацыі і ў СМІ;
  • правядзеньне сходаў ці маніфэстацыяў з мэтай папулярызацыі аднаполых шлюбаў ці інцэсту і г.д.;
  • любое абмежаваньне ў дзяржаўных установах і прыватных кампаніях свабоднага выкарыстаньня тэрмінаў «мама» і «тата»;
  • правядзеньне «Маршаў годнасьці» (шэсьцяў прадстаўнікоў ЛГБТ);
  • спэцыяльная камісія будзе сачыць за тым, каб у любых мастацкіх творах, у тым ліку ў літаратуры, фільмах, спэктаклях або малюнках, аўтары не прапагандавалі «аднаполыя адносіны або інцэст».

Паводле Папуашвілі, адзін з законаў усталюе ў Грузіі новае дзяржаўнае сьвята — «Дзень сьвятасьці сям’і», якое будзе штогод адзначацца 17 траўня. У гэты дзень у сьвеце адзначаецца Дзень барацьбы супраць гамафобіі і трансфобіі.

У кіроўнай партыі ў парлямэнце Грузіі дастаткова галасоў, каб зацьвердзіць ініцыятыву — у адрозьненьне ад раней ініцыяваных канстытуцыйных паправак аналягічнага зьместу, для прыняцьця якіх «Мары» неабходная падтрымка апазыцыі.

Папуашвілі кажа, што законапраекты зацьвердзяць у першым чытаньні ўжо на вясновай сэсіі, у другім і трэцім чытаньні — на восеньскай.

Апазыцыя ня ўдзельнічае ў абмеркаваньні як канстытуцыйных паправак, так і заканадаўчага пакету супраць ЛГБТ, называючы ініцыятыву ўладаў «надуманай» і «неактуальнай». Аднак з улікам стаўленьня да праблемы значнай часткі грузінскага грамадзтва апазыцыйныя празаходнія партыі на дадзены момант устрымліваюцца ад занадта актыўных пратэстаў — у адрозьненьне ад пратэстаў супраць нядаўна прынятага закону аб так званых «іншаземных агентах».

Зрэшты, як сказаў у гутарцы з Радыё Свабода дысыдэнт савецкай эпохі, літаратар Леван Бэрдзэнішвілі, «грузінскае грамадзтва значна пасталела і наблізілася да эўрапейскага разуменьня талерантнасьці».

«Ня вельмі многія ўхваляць у нашай краіне такое цемрашальства, як выманьне зь бібліятэк або фільматэк жамчужын сусьветнай культуры адпаведнага зьместу», — адзначыў Бэрдзэнішвілі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG