Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выпрабаваў пераможную зброю Чынгісхана і атрымаў у падарунак двух мангольскіх скакуноў-жарабцоў


Аляксандар Лукашэнка страляе з мангольскага лука. 4 чэрвеня 2024
Аляксандар Лукашэнка страляе з мангольскага лука. 4 чэрвеня 2024

У Манголію Аляксандар Лукашэнка прывёз трактары.

Аляксандар Лукашэнка падарыў прэзыдэнту Манголіі Ухнаагійну Хурэлсуху два трактары «Беларус» розных мадэляў, а ад яго атрымаў двух мангольскіх скакуноў-жарабцоў, якіх назвалі Мір і Хуткі.

Як адзначаецца на сайце Лукашэнкі, ён разам з прэзыдэнтам Манголіі наведаў цэнтар мангольскай культуры. Для іх інцэнавалі агульнацыянальны фэст Наадам, які праводзіцца ў Манголіі штогод, але звычайна ў ліпені.

Лукашэнка таксама паспрабаваў страляць з мангольскага лука, які гістарычна лічыцца пераможнай зброяй Чынгісхана. Прэсавая служба Лукашэнкі адзначае, што «ужо зь першага стрэлу страла вылецела больш як на 75 мэтраў».

Далёкасьць мангольскага лука, якое цяпер лічаць пераможнай зброяй войска Чынгісхана, дасягала 320 мэтраў. Стрэлы мелі вялікую забойную моц і выкарыстоўваліся для паразы коней. Дзякуючы гэтай зброі войска Чынгісхана мела перавагі на полі бою.

4 чэрвеня Лукашэнка завяршае свой візыт у Манголію. Як паведамляецца на сайце Лукашэнкі, Беларусь і Манголія падпісалі дагавор аб дружалюбных дачыненьнях і супрацы, а таксама 14 розных галіновых дамоў, сярод якіх дарожная мапа супрацоўніцтва краін да 2026 году.

Раней былы прэзыдэнт Манголіі заклікаў арыштаваць Лукашэнку па прылёце ва Ўлан-Батар.

Мангольскі грамадзкі рух «Не — вайне» 3 чэрвеня зладзіў акцыю пратэсту супраць візыту Аляксандра Лукашэнкі ў краіну. Актывісты выйшлі на плошчу Сухэ-Батар у сталіцы Манголіі, дзе іх затрымала паліцыя, паведаміў мангольскі сайт news.mn.

Кіраўніка руху пратрымалі ў пастарунку 2,5 гадзіны. Ён адзначыў, што гэта была ўжо 112-я акцыя ў падтрымку Ўкраіны, але цяпер актывісты пратэставалі яшчэ і супраць прыезду Лукашэнкі, якога ён назваў ваенным злачынцам паводле міжнароднага крымінальнага права.

Раней трактары «Беларус» Лукашэнка падарыў прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG