Згодна з сакавіцкай пастановай Савету Міністраў Беларусі № 164, Беларусь з 1 чэрвеня да 31 сьнежня 2026 году часткова прыпыняе дзеяньне пагадненьняў аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня з наступнымі «недружалюбнымі краінамі»: Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Гішпанія, Данія, ЗША, Ірляндыя, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Паўночная Македонія, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя, Эстонія.
Спыняецца дзеяньне не пагадненьняў увогуле, а толькі некаторых іх палажэньняў — пра выплату дывідэндаў, даходы ад даўгавых патрабаваньняў і ад адчужэньня маёмасьці кампаніямі. Тэрмін ужываньня гэтай меры могуць скараціць «у выпадку ліквідацыі абставінаў, якія паслужылі падставай для яе прымяненьня, або на прапанову Міністэрства падаткаў і збораў», гаворыцца ў пастанове.
Тым часам Чэхія ў адказ увяла такія ж абмежаваньні ў дачыненьні да Беларусі, паведамілі ў Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі. Тыя палажэньні пагадненьня, рэалізацыю якіх прыпыніў беларускі бок, ня будзе прымяняць і чэскі бок на працягу аналягічнага пэрыяду (з 1 чэрвеня 2024 па 31 сьнежня 2026 году).
Раней Беларусь заключыла пагадненьні аб прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня з 70 краінамі.
- У сакавіку 2022 году ўказам Лукашэнкі замежным інвэстарам са сьпісу «недружалюбных» краінаў забаранілі адчужаць належныя ім долі і акцыі ў статутных фондах беларускіх юрыдычных асобаў, распараджацца акцыямі на сваё жаданьне, а ў кастрычніку яшчэ больш узмацнілі абмежаваньні — забаранілі рэарганізацыю кампаній і выхад зь бізнэсу.
- 6 красавіка 2022 году ўрад Беларусі зацьвердзіў пералік «недружалюбных краінаў»: у яго ўвайшлі ўсе краіны ЭЗ, а таксама ЗША, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швайцарыя.
- У верасьні 2023 году Лукашэнка ўвёў абмежаваньні на атрыманьне прыбытку і дывідэндаў замежнымі ўласьнікамі маёмасьці. Усе беларускія кампаніі, якімі валодаюць або ў склад акцыянэраў якіх уваходзяць іншаземцы зь «недружалюбных краін», павінны адкрыць спэцыяльныя рахункі ў беларускіх рублях у адным зь беларускіх банкаў. На гэтыя рахункі кампаніі мусяць адпраўляць прыбытак і дывідэнды, і ўжо зь іх на іншыя створаныя ў гэтых жа банках рахункі пераводзіць выплаты іншаземцам.
- 19 кастрычніка 2023 году Лукашэнка падпісаў указ, якім увёў кантроль дзяржавы за адчужэньнем іншаземцамі зь «недружалюбных краінаў» акцыяў і нерухомай маёмасьці беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер адчужаць магчыма толькі з дазволу беларускага ўраду і пры ўмове выплаты ў мясцовы бюджэт унёску ня менш як 25% ад рынкавага кошту доляў (акцыяў) і маёмасьці гэтых прадпрыемстваў.
- З 1 красавіка 2024 і да канца 2026 году ўвялі стаўка падатку на дывідэнды ў 25% для замежных арганізацый, якія не вядуць дзейнасьці ў Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а іхныя офісы знаходзяцца ў «недружалюбных краінах».
- Таксама ўвялі абмежаваньне на выплату прыбытку і дывідэндаў інвэстарам зь «недружалюбных» краін, калі прыбытак або дывідэнды перавышаюць 80 тысяч базавых велічынь (3,2 млн рублёў).
Форум