Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь уводзіць чарговыя контрасанкцыі супраць «недружалюбных краін», яны тычацца падаткаў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Афіцыйны Менск уводзіць новыя абмежавальныя меры супраць «недружалюбных краін». Яны прадугледжаныя пастановай Савету Міністраў Беларусі № 164, тычацца падаткаў на даходы замежных кампаніяў і пагадненьняў аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня.

Згодна з пастановай, з 1 красавіка 2024 і да канца 2026 году ўводзіцца стаўка падатку на дывідэнды ў 25% для замежных арганізацый, якія не вядуць дзейнасьць у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а іхныя офісы знаходзяцца ў «недружалюбных краінах». Да цяперашніх зьменаў гэтая стаўка часта была на ўзроўні 15%, а ў асобных выпадках — нават ніжэйшаю.

Таксама Беларусь з 1 чэрвеня да 31 сьнежня 2026 году часткова прыпыніць дзеяньне пагадненьняў аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня з наступнымі «недружалюбнымі краінамі»: Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Гішпанія, Данія, ЗША, Ірляндыя, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Паўночная Македонія, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя, Эстонія.

Спыняецца дзеяньне не пагадненьняў увогуле, а толькі некаторых іх палажэньняў — пра выплату дывідэндаў, даходы ад даўгавых патрабаваньняў і ад адчужэньня маёмасьці. Тэрмін ужываньня гэтай меры могуць скараціць «у выпадку ліквідацыі абставінаў, якія паслужылі падставай для яе прымяненьня, або на прапанову Міністэрства падаткаў і збораў», гаворыцца ў пастанове.

Таксама Міністэрству фінансаў сумесна зь Міністэрствам падаткаў і збораў даручана «выпрацаваць пытаньне аб мэтазгоднасьці зьмены ставак падатку на прыбытак, падаходнага падатку зь фізычных асобаў, падатку на даходы з дывідэндаў і прыраўнаваныя да іх даходы замежных арганізацый, якія не вядуць дзейнасьць у Беларусі праз сталае прадстаўніцтва».

  • У сакавіку 2022 году ўказам Лукашэнкі замежным інвэстарам са сьпісу «недружалюбных» краінаў забаранілі адчужаць належныя ім долі і акцыі ў статутных фондах беларускіх юрыдычных асобаў, распараджацца акцыямі на сваё жаданьне, а ў кастрычніку яшчэ больш узмацнілі абмежаваньні — забаранілі рэарганізацыю кампаній і выхад зь бізнэсу.
  • 6 красавіка 2022 году ўрад Беларусі зацьвердзіў пералік «недружалюбных краінаў»: у яго ўвайшлі ўсе краіны ЭЗ, а таксама ЗША, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швайцарыя.
  • У верасьні 2023 году Лукашэнка ўвёў абмежаваньні на атрыманьне прыбытку і дывідэндаў замежнымі ўласьнікамі маёмасьці. Усе беларускія кампаніі, якімі валодаюць або ў склад акцыянэраў якіх уваходзяць іншаземцы зь «недружалюбных краін», павінны адкрыць спэцыяльныя рахункі ў беларускіх рублях у адным зь беларускіх банкаў. На гэтыя рахункі кампаніі мусяць адпраўляць прыбытак і дывідэнды, і ўжо зь іх на іншыя створаныя ў гэтых жа банках рахункі пераводзіць выплаты іншаземцам.
  • 19 кастрычніка 2023 году Лукашэнка падпісаў указ, якім увёў кантроль дзяржавы за адчужэньнем іншаземцамі зь «недружалюбных краінаў» акцыяў і нерухомай маёмасьці беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер адчужаць магчыма толькі з дазволу беларускага ўраду і пры ўмове выплаты ў мясцовы бюджэт унёску ня менш як 25% ад рынкавага кошту доляў (акцыяў) і маёмасьці гэтых прадпрыемстваў.
  • У кастрычніку ўрад Беларусі падоўжыў да 31 сьнежня 2024 году забарону на ўвоз шэрагу прадукцыі замежных кампаніяў дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў і з улікам «недружалюбных дзеяньняў у дачыненьні да беларускага народу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG