Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за сухога цёплага надвор’я ўлады абмежавалі наведваньне лясоў у 116 раёнах Беларусі


Лясны пажар на Гомельшчыне. Архіўнае фота
Лясны пажар на Гомельшчыне. Архіўнае фота

У Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці ўвялі поўную забарону на наведваньне лясоў, у Лунінецкім на Берасьцейшчыне — ніякай забароны і абмежаваньняў няма.

У беларускіх лясах склалася складаная пажарная сытуацыя. З-за сьпёкі ў 116 раёнах Беларусі ўвялі абмежаваньне на наведваньне лясоў. Абмежаваньне азначае, што ў лясы нельга заяжджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы. Пры гэтым дазволеныя пешыя прагулкі.

Прычынай абмежаваньняў стала анамальна высокая тэмпэратура. На 19 красавіка Белгідрамет прагназуе тэмпературу да 26 градусаў. На Вялікдзень 20 красавіка чакаецца да 25 градусаў.

Лунінецкі раён Берасьцейскай вобласьці — адзіны ў Беларусі, дзе можна свабодна наведваць лясы, сьведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Хойніцкі раён Гомельскай вобласьці — адзіны ў краіне, дзе дзейнічае забарона на наведваньне лясоў. Сытуацыі ў гэтым раёне прысвоілі IV з V клясаў пажарнай небясьпекі. У гэты пэрыяд уезд і ўваход у лясы забаронены.

За парушэньне пажарнай бясьпекі прадугледжаная адказнасьць па арт. 15.29. КаАП (штраф для фізычных асоб — да 25 базавых велічынь, або 1.050 рублёў).

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, за мінулы дзень у Беларусі ліквідавалі 19 лясных пажараў на агульнай плошчы 54,89 гэктара, патушылі 107 пажараў травы і кустоў і адзін тарфяны пажар.

Першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Драгун у інтэрвію БелТА заявіў, што першы лясны пажар адбыўся яшчэ ў лютым.

«З кожным годам сытуацыя абвастраецца — сярэднія тэмпэратуры ўсё вышэй і вышэй, а людзей у цёплае надвор’е так і цягне на шашлыкі».

Небясьпеку, па словах намесьніка міністра, уяўляюць і дзеяньні дачнікаў, якія імкнуцца вясной навесьці парадак на сваіх участках і ня ў стане кантраляваць агонь.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG