Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 31 траўня: новыя суды над палітвязьнямі ў Магілёве і Горадні; іншаземцу пагражае 25 гадоў калёніі


Заля ў магілёўскім судзе. Ілюстрацыйнае фота
Заля ў магілёўскім судзе. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Новы суд у Магілёве над палітвязьнем

У Магілёве 31 траўня пачынаецца суд над 35-гадовым палітвязьнем Паўлам Белаголавым. Паводле @dissidentby, Белаголава будуць судзіць ужо другі раз.

Паводле «Вясны», яго абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК). Суд вядзе Тацяна Рахманенка. Паўлу пагражае да 6 гадоў калёніі.

У лютым над ім адбыўся суд па адміністрацыйнай справе, але тады судзьдзя суда Ленінскага раёна Натальля Панасенка прызнала яго невінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Але супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 367 КК.

Першы раз у 2022 годзе суд Дрыбінскага раёну асудзіў Паўла Белаголава на 2,5 года зьняволеньня паводле артыкулаў 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 («Распальваньне сацыяльнай, іншай варожасьці») КК.

Падставай сталі камэнтары Белаголава ў інтэрнэце пасьля гібелі ў Менску супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара. Паводле праваабаронцаў, Белаголаў адбываў тэрмін у ПК-1 у Новаполацку і мусіў выйсьці на волю ў кастрычніку 2023 году.

Між тым сёлета праваабаронцам стала вядома, што 23 лютага над Паўлам Белаголавым адбыўся суд паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а пасьля суду працяглы час ён не выходзіў на сувязь. Не выключалася, што пасьля адміністрацыйнага суду яго зноў затрымалі ў новай крымінальнай справе.

У Горадні новы палітычны працэс — за зьнявагу судзьдзі

У Горадні 31 траўня пачнецца разгляд новай справы палітзьняволенай Аляксандры Каско, якая ўжо адбывае дзесяцігадовы тэрмін зьняволеньня за шэраг «злачынстваў», сярод якіх зьнявага Лукашэнкі, паклёп на Лукашэнку, садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці ды іншыя — усяго жанчыне было інкрымінавана восем артыкулаў. Паводле праваабаронцаў «Вясны», на працэсе ў Ленінскім райсудзе Горадні Каско зьбіраюцца абвінаваціць у абразе судзьдзі (391 арт.) і абразе прадстаўніка ўлады (369 арт.).

Аляксандры Каско 32 гады. Летась у лютым маладую жанчыну затрымалі на мяжы, калі яна вярталася з Польшчы. Падставай сталі два інтэрвію, якія Аляксандра Каско дала інфармацыйнаму рэсурсу, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім. Беларускія праваабаронцы прызналі жанчыну палітзьняволенай.

Аляксандра Каско адбывала тэрмін у жаночай калёніі № 4, у 2024 годзе стала вядома, што супраць палітзьняволенай завялі новую крымінальную справу.

Справу Аляксандры Касько разглядае судзьдзя Натальля Горбач.

У Менску сілавікі затрымалі вядоўцу сьвятаў за ўдзел у пратэстах 2020 году

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа аб затрыманьні менскага вядоўца сьвятаў. Паводле інфармацыі «Медиазоны», гаворка ідзе пра Паўла Пашкевіча.

На камэру ён кажа, што падчас пратэстаў 2020 году сфатаграфаваўся зь бел-чырвона-белай сымболікай на дарозе ў Менску. Па словах затрыманага, ён дасылаў у «Чорную кнігу Беларусі» зьвесткі аб перамяшчэньні сілавікоў. Хлопец мае тату-надпіс на руцэ «Жыве Беларусь».

Мяркуючы па інфармацыі з сацсетак, Пашкевіч працуе вядоўцам на імпрэзах.

У Беларусі іншаземцу пагражае да 25 гадоў калёніі

У Менскім абласным судзе на 6 чэрвеня заплянавалі суд над Рыко Крыегерам, паведамляе «Вясна», паводле праваабаронцаў, верагодна, гэта грамадзянін Нямеччыны. Яго абвінавачваюць адразу паводле шасьці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «наёмніцтва», «агентурная дзейнасьць», «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289), «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1), «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін». Іншаземцу пагражае да 25 гадоў калёніі. Справу будзе разглядаць Алег Лапека.

Гэта першы суд у Беларусі за «наёмніцтва»; за намер далучыцца да вайсковых фармаваньняў ва Ўкраіне беларусаў судзяць паводле арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні»).

Праваабаронцам невядомая сутнасьць абвінавачваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG